“Звязда”, 1933 год:
“1 кастрычніка ў 7 гадзін 30 мінут раніцы са станцыі Орша-Цэнтр вышаў спэцыяльны маршрутны цягнік у складзе 60 вагонаў з грузам 1300 тон бульбы для Ленінграда. Цягнік суправаджае сквазная комсамольская брыгада з таварышаў Дзевуса, Воўкава, Рулько, Таўкучкіна. Цягніку прысвоена імя ЦО КП(б)Б “Звязды”. Цягнік суправаджае брыгада “Звязды”. На станцыі Дно цягнік будуць сустракаць прадстаўнікі “Ленинградской правды”, якія будуць сумесна з брыгадай “Звязды” суправаджаць цягнік да Ленінграда. Брыгада будзе весьці дзёньнік з моманта выхаду да канчатковай станцыі — Ленінграда”.
“Советская Белоруссия”, 1963 год:
“Увазе грамадзян! З 7 па 13 кастрычніка ў СССР праводзіцца “Тыдзень ліста”, мэта якога ў тым, каб ажывіць ліставаньне паміж людзьмі, палепшыць працу прадпрыемстваў паштовай сувязі і абслугоўваньне насельніцтва поштай. Лісты ўмацоўваюць дружбу, служаць для паведамленьня важных зьвестак, дапамагаюць распаўсюду ведаў, умацаваньню міру і ўзаемаразуменьня паміж народамі. “Тыдзень ліста” зьяўляецца праверкай працы органаў сувязі. Гэтымі днямі будуць арганізаваныя справаздачы працаўнікоў паштовых прадпрыемстваў, экскурсіі на паштамт і прадпрыемствы сувязі рэспублікі. У дні “Тыдня ліста” не забудзьцеся напісаць лісты сваім родным, знаёмым, сябрам!”
“Народная газета”, 1993 год. Старшыня Капыльскага гарадзкога савету Барыс Багдановіч:
“Я слухаў па радыё выступленьне народнага дэпутата Аляксандра Лукашэнкі пасьля яго паездкі ў Маскву і не магу стрымацца, каб ня выказаць сваёй думкі на гэты конт. Такія абразы на адрас Старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча лічу недапушчальнымі. Хтосьці можа сказаць: а хіба дрэнна, што дэпутат Лукашэнка мае сьмеласьць і права выказаць уласную думку, якая карэнным чынам адрозьніваецца ад пазыцыі Старшыні Вярхоўнага Савету? Безумоўна, гэта нашая, бадай, адзіная заваёва, што мы можам выказваць уласную думку без аглядкі на аўтарытэты і знакамітых начальнікаў. Але такая акалічнасьць тым больш абавязвае кожнага памятаць аб прыстойнай, цывілізаванай палеміцы”.