Супраць гэтага новага закону і была скіраваная ўчорашняя грамадзкая акцыя ў Віцебску.
Акцыю на плошчы Леніна падрыхтаваў ды правёў віцяблянін Дзьмітры Сялюк. Гэта досыць вядомая ў Віцебску асоба: некалі спадар Сялюк быў тутэйшым камсамольскім актывістам, але ў БРСМ ён прынцыпова не пайшоў, і з-за апазыцыйных поглядаў займеў пэўную колькасьць службовых непрыемнасьцяў.
Яго звольнілі з працы – а працаваў ён камэнданатам у студэнцкім інтэрнаце Віцебскага Ўнівэрсытэту, самай “ідэялягічна правільнай” тутэйшай навучальнай установе. З нагоды несправядлівага, на ягоную думку, звальненьня спадар Сялюк зьвярнуўся ў суд. Так што магчымыя зьмены ў Працэсуальным кодэксе тычацца цяпер яго наўпрост : Дзьмітры Сялюк не давярае дзяржаўным адвакатам, бо ня верыць, што яны будуць бараніць ягоныя інтарэсы насупраць інтарэсам дзяржаўных чыноўнікаў.
Дзьмітры Сялюк выйшаў з плякатам “Мне пагражае небясьпека” ды зьбіраў подпісы супраць зьменаў у працэсуальным кодэксе. Распавядаў мінакам пра свой зварот у суд. Між іншым, сярод іх адразу знайшліся людзі з падобнымі праблемамі, якія проста ня думалі, што можна адстойваць свае правы праз суд, або не наважваліся на гэта.
Праз 20 хвілін спадара Селюка затрымалі міліцыянты. Колькі часу перад тым яны назіралі ўсё тое, што адбывалася, перамаўляліся па рацыях. І як толькі аднаасобная акцыя пачала набываць больш масавы характар -– вакол Дзьмітрыя Селюка пачалі зьбірацца людзі ды закіпелі спрэчкі, міліцыянты катэгарычна загадалі пікетоўцу ісьці зь імі ў пастарунак.
Як спадар Сялюк паведаміў пазьней, яго пратрымалі ў Кастрычніцкім райадзьдзеле паўтары гадзіны, склалі пратакол з абвінавачаньнем у несанкцыянаваным пікетаваньні, і цяпер ён мусіць чакаць на яшчэ адзін судовы працэс. Бараніць сябе ў судзе ён плянуе сам.