Удзельнікі: былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў і былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі
(Валер Карбалевіч: ) “Як вядома, Аляксандар Лукашэнка даволі нэгатыўна ацаніў вынікі Ялцінскага саміту, інтэграцыю і ў рамках СНД, і стварэньне адзінай эканамічнай прасторы ў рамках “чацьверкі” (Беларусі, Казахстану, Расеі і Ўкраіны). Такую ж крытычную ацэнку дае прэс-служба прэзыдэнта Беларусі, заява якой надрукаваная ў дзяржаўных газэтах у аўторак. Гэтая ж думка прагучала ў “Постскрыптуме “Панарамы” БТ у панядзелак.
Цікава, што ў другой палове 1990-х гадоў Лукашэнка ўзяў на сябе ролю галоўнага інтэгратара на постсавецкай прасторы. У 1997 годзе ён выступіў з шэрагам прапановаў дзеля рэфармаваньня СНД. Беларусь актыўна ўдзельнічала ў стварэньні і функцыянаваньні ўсіх арганізацыяў, якія ўзьнікалі на постсавецкай прасторы: ЭўрАзЭС, Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы ды іншых. Неэфэктыўнасьць гэтых структураў тады была гэтак жа відавочная, як і цяпер. Тым ня менш, тады афіцыйная пазыцыя была вельмі аптымістычная. А цяпер яна памянялася на 180 градусаў. Чаму?”
(Андрэй Саньнікаў: ) “Па-першае, згаданыя вамі афіцыйныя заявы зьяўляюцца рэакцыяй і спробай адказаць на тыя камэнтары, якія прагучалі па расейскіх тэлеканалах. Трэба растлумачыць, чаму Лукашэнка так рэагаваў і на сустрэчу з Пуціным, і на дакумэнты аб стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы ў рамках “чацьвёркі”.
Па-другое, у вашым пытаньні ёсьць і адказ. Роля галоўнага інтэгратара перахопленая. Ім зьяўляецца ўжо не Лукашэнка, а Пуцін. Больш за тое, ужо не Беларусь зьяўляецца галоўным партнэрам Расеі ў інтэграцыі на постсавецкай прасторы, а Ўкраіна”.
(Пятро Садоўскі: ) “Варта адзначыць, што такія ацэнкі інтэграцыі на постсавецкай прасторы эпізадычна выскоквалі з вуснаў Лукашэнкі, калі ён бываў у такім эмацыйным стане. Але гэтым разам кіраўнік Беларусі знаходзіцца ў найгоршым становішчы. Страціўшы ролю галоўнага інтэгратара, ён вымушаны дзейнічаць па сцэнару Расеі. Ідэя стварэньня Адзінай эканамічнай прасторы ў рамках “чацьверкі” мае больш палітычнага інгрэдыенту, чым эканамічнага. Сапраўды, элемэнты “разнахуткаснасьці, рознаўзроўневасьці” выклікаюць сумненьне ў эфэктыўнасьці гэтай арганізацыі.
Іншая акалічнасьць. Стварэньне Адзінай эканамічнай прасторы ў рамках “чацьверкі” — гэта таксама і карта, якую хоча мець Пуцін напярэдадні сустрэчы з Бушам.
Лукашэнка разумее, што яго выкарыстоўваюць у чужой гульні. Ён убачыў, што не знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. І калі Лукашэнка ня мае ад гэтага ніякага профіту, то тады зьяўляецца ацэнка, што ўсё дрэнна”.
(Карбалевіч: ) “Падчас свайго публічнага камэнтару ў Ялце Лукашэнка крытыкаваў пазыцыю прэзыдэнта Ўкраіны Кучмы, які, на ягоную думку, тармозіць працэс стварэньня Адзінай эканамічнай прасторы ў рамках “чацьверкі”. На справе гэта было апанаваньне Пуціну, што вельмі ўдала паказала НТВ. Таму што відавочна: стварэньне Адзінай эканамічнай прасторы — гэта праект Пуціна.
Існуе гледзішча, што адной з мэтаў стварэньня гэтай структуры ёсьць спробы выціснуць Лукашэнку з пазыцыі галоўнага інтэгратара. І ў выніку рэалізацыі гэтага праекту інтэграцыя Беларусі і Расеі адыходзіць для Расеі на другі плян. Такім чынам, узьнікае яшчэ адна канфліктная пляцоўка паміж Менскам і Масквою. Як вы ацэньваеце гэтую сытуацыю?”
(Саньнікаў: ) “Калі б у Лукашэнкі былі мэты захаваньня дзяржаўнасьці, умацаваньня незалежнасьці, разьвіцьця дэмакратыі, то я мог бы нават пагадзіцца зь ягонымі ацэнкамі. Але вядома, што мэтамі Лукашэнкі зьяўляецца захаваньне ўлады. І канфлікт Лукашэнкі з Пуціным выкліканы ня клопатамі аб разьвіцьці дачыненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй, а жаданьнем актыўна прысутнічаць на палітычным полі Расеі. Таму гэты канфлікт — гэта працяг сэрыялу, які працягваецца ўжо доўгі час”.
(Садоўскі: ) “Лукашэнка ўбачыў, што тых козыраў, якімі ён гуляў дагэтуль, у яго ўжо няма. Таму трэба ствараць нешта новае. Мне здаецца, што ў стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы ў рамках “чацьверкі” зацікаўленая ў асноўным Расея. А ўсе астатнія кіраўнікі адбывалі свой палітычны нумар.
Лукашэнка надакучыў расейскай эліце. І яму нічога не застаецца, як будаваць новыя завалы, некага папракаць, шукаць новых ворагаў. Ён проста не ведае, што рабіць”.
(Карбалевіч: ) “У аснове замежнапалітычнай стратэгіі Беларусі апошніх дзевяці гадоў была не інтэграцыя ў Эўропу, а рэінтэграцыя на постсавецкай прасторы. Прычым гэтыя стратэгіі супрацьпастаўляліся. Лукашэнка ўвесь час крытыкаваў прэзыдэнтаў краінаў СНД за іх імкненьне на Захад, заклікаў аб’ядноўвацца ў межах былога СССР. І замежныя візыты Лукашэнкі адбываліся, найперш, у краіны СНД. І вось цяпер з афіцыйных камэнтароў вынікае, што інтэграцыя на постсавецкай прасторы не працуе. Гэта азначае, што ўся замежнапалітычная стратэгія Беларусі апошніх дзевяці гадоў закончылася крахам. Ці разумее гэта афіцыйны Менск, калі дае такую ацэнку сёньняшняга становішча з інтэгацыяй ў СНД? Чаму ён ідзе на такое прызнаньне?”
(Саньнікаў: ) “Усё гэта — працяг ранейшых гульняў. Лукашэнка спрабаваў знайсьці сваё месца ў той гульні, якую вядзе Расея ў ходзе стварэньня Адзінай эканамічнай прасторы ў рамках “чацьверкі”. Але яго адтуль выштурхалі. Таму цяпер афіцыйныя камэнтары пацьвердзілі тыя высновы, да якіх прыйшлі шмат раней апазыцыйныя і незалежныя палітыкі і экспэрты: ніякай інтэграцыі на прасторах СНД не адбываецца, і ніякага плёну з гэтага мы ня маем.
У вынікі гэтых гульняў Лукашэнкі Беларусь будзе мець адмоўныя наступствы. Напрыклад, тая ж сытуацыя з пастаўкамі расейскага газу і іншымі эканамічнымі дачыненьнямі з Расеяй. Нам увесь час казалі, што толькі з Расеяй мы можам атрымаць танныя энэрганосьбіты. Цяпер гэтая палітыка збанкрутавала. І гэта вымушаныя былі прызнаць нават афіцыйныя інстанцыі”.
(Садоўскі: ) “Я думаю, уладзе нічога не застаецца, як прызнаць відавочныя факты. І тут, мне здаецца, няма ніякай стратэгічнай ці тактычнай хітрасьці. Адрозна ад Расеі, Казахстану і Ўкраіны, якія маюць сваю замежнапалітычную дактрыну, кіраўніцтва Беларусі боўтаецца ў ламаччы. Цяпер, як звычайна, будуць названыя вінаватыя, ворагі інтэграцыі.
А зь іншага боку, зьяўляюцца слабыя надзеі, што мы станем на новы шлях. Я ўзгадваю, калі мы працавалі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, калі толькі пачыналася абмеркаваньне замежнай палітыкі маладой беларускай дзяржавы. Тады казалі аб неабходнасьці будаваць нармальныя добрасуседзкія адносіны, ствараць прагматычныя дачыненьні, лічыць, што колькі каштуе. Але нічога не атрымалася. І цяпер мы сядзім каля кучы ламачча. Страчана шмат часу. І трэба ўсё пачынаць спачатку”.
(Карбалевіч: ) “Давайце працягнем гаворку наконт тых думак, якія выказаў спадар Садоўскі. Калі ўлады прызналі факт таго, што ранейшая стратэгія не працуе, то ці можа гэта стаць штуршком, імпульсам дзеля рэвізіі старой стратэгіі, пошукаў новых кірункаў і арыенціраў у замежнай палітыцы? Ці магчыма гэта?”
(Саньнікаў: ) “Гэта адбываецца ня першы раз. Мы ўжо бачылі раней, калі былі канфлікты з кіраўніцтвам Расеі, Лукашэнка пагражаў пераарыентавацца на Захад. Нічога з гэтага не атрымалася. І цяпер будуць такія спробы. Магчыма, што будуць дадзеныя інструкцыі МЗС больш плённа працаваць на заходнім, эўрапейскім кірунку. Але з гэтага нічога не атрымаецца. Таму што Захад патрабуе выканаць умовы па свабодзе СМІ, па функцыях парлямэнту, па выбарах. А рэжым гэтых умоваў выканаць ня можа. Таму толькі пасьля сыходу Лукашэнкі мы маем шанец зьмяніць замежную палітыку”.
(Карбалевіч: ) “Сапраўды, некалькі гадоў назад Лукашэнка ўжо заяўляў, што ў нас “дзікі крэн на Ўсход”, то бок, што ў Беларусі перакос у замежнай палітыцы. Але гэта не прывяло да яе зьмены”.
(Садоўскі: ) “Я таксама скептычна стаўлюся да таго, што з гэтага атрымаецца нешта практычнае. Прывяду адзін вельмі жывы пазаўчорашні прыклад. Адзначалі дзесяць гадоў існаваньня нямецкага Інстытуту Гётэ. Гэтая ўстанова займаецца культурніцкімі праграмамі, палітыкі ў яе дзейнасьці амаль няма. Прыехалі зь Нямеччыны асобы ў ранзе амбасадараў, былі амбасадары іншых краінаў. Але з МЗС на вечарыну ніхто не прыйшоў. Таксама нікога не было зь міністэрстваў культуры і адукацыі. Нямецкія прадстаўнікі, амбасадары іншых дзяржаваў проста дзівіліся. Я лічу гэта дзяржаўным хамствам. Пакуль усе чыноўнікі, эліта будуць глядзець у рот аднаму чалавеку, усё будзе так працягвацца. Таму я ня веру, што нешта можа зьмяніцца”.
(Карбалевіч: ) “З афіцыйных камэнтароў вынікае, што і беларуска-расейская інтэграцыя, і інтэграцыя ў СНД перажывае крызыс. І трэба шукаць новых падыходаў у замежнай палітыцы, будаваць новую стратэгію, зыходзячы з прызнаньня Беларусі як транзытнай дзяржавы ў цэнтры Эўропы. Такія меркаваньні зьявіліся ўжо ў дзяржаўных СМІ. Як кажуць, лепш позна, чым ніколі. Але ёсьць падазрэньне, і тут я згодны з сваімі суразмоўцамі, што пакуль гэта чарговая прапагандысцкая кампанія, і ня больш за тое”.