Рэпэтыцыі Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру Беларусі цяпер праходзяць у памяшканьні менскага кінатэатру “Сучасьнік” з прычыны рамонту філярмоніі. Разам з сымфанічным аркестрам рэпэтыцыі праводзяць яшчэ некалькі калектываў, і часам музыка аднаго аркестру накладаецца на гучаньне другога. Але да гэтай нязручнасьці калектыву сымфанічнага аркестру дадаліся “ідэалягічныя” праблемы.
Дырэктар аркестру Іосіф Турко адмовіўся весьці ідэалягічную працу ў філярмоніі, якую яму даручылі ў адпаведнасьці зь яго службовым статусам намесьніка дырэктара Белдзяржфілярмоніі. Як паведаміў сёньня Радыё Свабода дырэктар філярмоніі Аляксей Шут, Іосіф Турко на адпаведным загадзе аб сваіх ідэалягічных абавязках напісаў: “Ня згодны”.
Аляксей Шут адмовіўся камэнтаваць канфліктную сытуацыю пры ўключаным дыктафоне, аднак у вуснай размове патлумачыў, што быў проста вымушаны рабіць адпаведныя захады. Спачатку Іосіф Турко атрымаў вымову за адмову весьці ідэалягічную працу, а потым і другую вымову — за неналежнае ўтрыманьне фракаў і смокінгаў музыкаў. Дарэчы, для разьбіральніцтва гэтай справы была створаная адмысловая камісія. Сам Іосіф Турко пакуль таксама ня хоча афіцыйна камэнтаваць сытуацыю. Каб спыніць перасьлед, ён напісаў заяву на звальненьне, і калі кіраўніцтва яе задаволіць, то з 1 кастрычніка ён сыдзе са сваёй пасады.
Але калектыў Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру супраць зьмены дырэктара. Артысты напісалі адкрыты ліст да міністра культуры Леаніда Гулякі ў падтрымку Іосіфа Турка. Гаворыць скрыпач Аляксей Маскаленка:
(Маскаленка: ) “Мне падаецца, што ідзе зачыстка тэрыторыі. Мы адчулі з боку дырэктара філярмоніі нейкі ціск на нашага дырэктара аркестру. Іосіф Эдмундавіч Турко вельмі добра працуе ўжо 4–5 гадоў дырэктарам сымфанічнага аркестру. Ён убіўся ў ласку да артыстаў аркестру, і мы не хацелі б, каб яго вызвалялі ад працы. У нас цяпер спакойная творчая атмасфэра, і пажадана захаваць яго ў якасьці галоўнага адміністратара сымфанічнага аркестру. У нас у аркестры болей за 100 чалавек, і пад адкрытым лістом падпісаліся болей за 70 чалавек”.
У кастрычніку Дзяржаўны сымфанічны акадэмічны аркестар Беларусі возьме ўдзел у опэрным фэстывалі ў ірляндзкім Вэксфардзе. Асноўная заслуга быць запрошанымі на гэты фэстываль належыць Іосіфу Турку. Але можа так здарыцца, што калектыў аркестру паедзе на прэстыжны фэстываль без свайго дырэктара.