Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІХ ВАЙСКОЎЦАЎ, ЯКІЯ З САВЕЦКАГА ЧАСУ ЗАСТАЛІСЯ СЛУЖЫЦЬ У РАСЕІ, ЛІЧАЦЬ ТАМ ЧУЖЫНЦАМІ


Ігар Карней, Менск

Беларускага грамадзянства ў такіх людзей таксама не захавалася, бо яны не жывуць стала ў Беларусі. Наш карэспандэнт сустрэўся з былым вайскоўцам, які ад 1995 году абівае парогі розных расейскіх ведамстваў, а цяпер заклікае беларускія ўлады зьвярнуць увагу на суайчыньнікаў, якія ў сумежнай дзяржаве пазбаўленыя ўсялякіх правоў.

Адмысловай статыстыкі, якая б сьведчыла на колькасьць беларускіх вайскоўцаў, якія служаць у расейскіх гарнізонах, няма: у Міністэрстве абароны Беларусі пасьля падзелу саюзных арміяў на самастойныя ў сьпісах яны ня значацца, а ў Расеі ў любым выпадку застаюцца чужынцамі.

Ігар Арбузаў пасьля заканчэньня школы ў Барысаве напачатку 1980-х паступіў у ваенную вучэльню пад Ленінградам і пасьля яе заканчэньня быў разьмеркаваны ў часткі супрацьпаветранай абароны. Да 1996 году яго кідалі па розных частках па ўсёй Расеі, а калі скончыўся кантракт, ён апынуўся перад дзіўным фактам: дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б статус грамадзяніна краіны, якой ён служыць, у яго няма.

(Арбузаў: ) “Законных дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу, не магу пасьля звальненьня атрымаць ужо сем гадоў. Вярнуцца ў Беларусь — ні з чым, без дакумэнтаў, таксама не выпадае. Вайскоўцам, як вы ведаеце, пашпарты доўгі час не выдавалі. І паколькі мы прыпісваліся паводле месца жыхарства ў мясцовых органах унутраных спраў, нам да 1995 году выдавалі гэтак званыя формы №9. А пасьля прыняцьця новага закону аб прапісцы пачалі выдаваць пасьведчаньне аб рэгістрацыі па месцы знаходжаньня. Аднак нам гэтага пасьведчаньня не далі. Форма 9 на руках засталася, але яна нікому не патрэбная. А пасьведчаньне, напэўна, выкарысталі безь мяне, камусьці прадалі, альбо хтосьці іншы замест мяне карыстаецца і прапіскай, і жыльлём, якое да мяне не дайшло”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, атрымліваецца нейкае зачараванае кола: у Расеі вы неўладкаваныя, у Беларусі такіх, як вы, таксама не чакаюць?”

(Арбузаў: ) “Там я быў неўладкаваны яшчэ ў часе службы, хоць, паводле кантракту, Мінабароны ўзяло абавязкі выконваць мае правы. Насамрэч выдалі нейкія ліпавыя дакумэнты: я служыў у СПА, і тоё-сёе было зьвязана зь дзяржтаямніцай, а гэта, магчыма, таксама прычына, што нічога не выдаюць. Пасьля звальненьня не магу ні дакумэнтаў атрымаць, ні аформіцца, а значыць, і працаўладкавацца. Выдалі ваенны білет у ваенкамаце, пры якім стаю на ўліку, а пасьведчаньне сталага месца жыхарства — ня ведаю, куды пайшло. Пасьля таго, як падаў у суд, мясцовая міліцыя крыху заварушылася, пэўна, далі ўказаньне зьверху разабрацца. Кажуць: прыходзь, атрымай пашпарт. Я прыйшоў, а мне зрабілі адзнаку бамжа — прапіска часовая па вайсковай частцы, бяз адрасу”.

Ігар Арбузаў кажа, што ў падобнай сытуацыі сотні, калі ня тысячы беларусаў, якія адслужылі ў Расеі 20 і нават болей гадоў. Некаторыя з-за гэтага баяцца звальняцца: прынамсі, у вайсковай частцы ты хоць у сьпісах лічысься, а ў звычайным жыцьці, як кажуць, без паперкі ты — букашка. Асаблівая праблема — жытло. Бальшыня вайскоўцаў існуе паводле прынцыпу цыганскага табару — бясконцыя пераезды зь месца на месца і, адпаведна, адсутнасьць свайго кута. Звальненьне з арміі аўтаматычна мае на ўвазе пазбаўленьне і часовага прытулку.

(Арбузаў: ) “Маюць часовую прапіску, афіцэры прыпісаныя фактычна да слупа, а іх лічаць забясьпечанымі жытлом. У гэткіх умовах жыве процьма беларусаў, шмат хто служыць дагэтуль. Я ведаю дакладна: калі яны захочуць вярнуцца з тымі дакумэнтамі і прапіскай, якія яны маюць, яны без жыльля ад’едуць з Расеі, нічога ня здолеюць прадаць, памяняць у Расеі на Беларусь, бо дамы, у якіх яны жывуць, нават у БТІ не зарэгістраваныя. Не зразумела, хто іх будаваў, за якія грошы, хто гаспадар? На якіх правах яны там жывуць?

Ордэры не дзяржаўнага ўзору, а нейкія абменныя, гэта ўжо хімічыла вайсковая частка, каб хоць нешта было на руках. Дзяржаўныя кватэры да нас не дайшлі; яны мяняліся, абменьваліся, не зразумела, у чым увогуле людзі жывуць. Таму і прапіскі ніхто не дае. Мясцовая ўлада ня хоча прымаць гэтыя дамы на ўлік у БТІ, таму што яны незразумелага паходжаньня. Можа нават у эксплюатацыю ня ўводзіліся, а афіцэры вымушаныя жыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG