Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ ПРАВААБАРОНЧАГА ЦЭНТРУ “ВЯСНА” РЫХТУЮЦЦА ДА ДЗЕЙНАСЬЦІ Ў НЕЛЕГАЛЬНЫХ УМОВАХ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У часе прэсавай канфэрэнцыі кіраўнікі цэнтру “Вясна” выказалі свае меркаваньні наконт таго, чаму ўлады хочуць ліквідаваць іх арганізацыю. Гаворыць кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Мы лічым, што вось такая пастаноўка пытаньня аб закрыцьці нашай арганізацыі ў агульным кантэксьце тэрору супраць няўрадавых арганізацыяў ёсьць пэўнай адзнакай нашай працы. На сёньняшні дзень закрываюць найлепшых. Ва ўладаў ёсьць плян падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў і магчымага рэфэрэндуму. Я перакананы, што пазоў, які атрымала “Вясна”, ён не апошні. Гэтая кампанія зачысткі будзе працягвацца й тычыцца тых арганізацыяў, якія трапілі ў адпаведны сьпіс на закрыцьцё”.

Нагадаю, што міністар юстыцыі Віктар Галаванаў абвінавачвае цэнтар “Вясна” ў тым, што яго супрацоўнікі пры рэгістрацыі ў 1999 годзе нібыта парушылі закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. На думку міністра, праваабаронцы таксама парушылі заканадаўства, калі стваралі рэгіянальныя структуры цэнтру, і Выбарчы кодэкс у 2001 годзе, калі праводзілі назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі. Ёсьць у міністэрскім пазове і больш дробныя абвінавачаньні.

Юрыст цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч называе гэтыя абвінавачаньні абсурднымі, бо пасьля рэгістрацыі ў 1999 годзе Мінюст праводзіў шэраг праверак гэтай арганізацыі і ніякіх парушэньняў не знайшоў. Я паспрабаваў высьветліць, чаму парушэньні закону ў дзейнасьці “Вясны” знойдзеныя толькі цяпер, у саміх чыноўнікаў Мінюсту. Бо Мінюст мусіў іх выявіць адразу. І вось які атрымаў адказ ад начальніка ўправы рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў Міхаіла Сухініна:

(Сухінін: ) “Мусіў, але ня бачыў, бо праверку праводзілі сёлета. І прашу прабачэньня, я з павагай стаўлюся да “Свабоды”, але ўсе камэнтары празь міністра. Не магу нічога сказаць, ну не магу!”

Зьвязацца зь міністрам юстыцыі было немагчыма. Таму, відаць, аргумэнты ўладаў удасца пачуць толькі ў судзе. Дарэчы, у Беларусі падобным чынам, за апошнія 3–4 месяцы, ліквідавана шэсьць грамадзкіх араганізацыяў. Калі гэты працэс толькі пачынаўся, Міхаіл Сухінін сьцьвярджаў, што ніякай мэтанакіраванай кампаніі ў гэтай справе няма — маўляў, гэта проста выпадковасьць.

Алесь Бяляцкі гаворыць, што спыняць працу “Вясны” нават пасьля яе магчымай ліквідацыі ён не зьбіраецца:

(Бяляцкі: ) “Мы атрымліваем дзясяткі званкоў падтрымкі. Як ад прадстаўнікоў іншых грамадзкіх арганізацыяў, так і ад нашых партнэраў з-за мяжы, зь якімі мы ўжо ня першы год працуем разам. А таксама ад людзей, якім мы дапамагалі. Яны заклапочаныя нашым лёсам. І мы знойдзем магчымасьці ды легальныя сродкі дзеля працягу нашай працы”.

Дата разгляду справы аб ліквідацыі цэнтру “Вясна” будзе прызначаная 23 верасьня. Праваабаронцы не выключаюць, што неўзабаве правядуць шэраг вулічных акцыяў дзеля абароны сваёй арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG