Толькі гэтак беларускаму парлямэнту могуць вярнуць статус адмыслова запрошанага, які быў замарожаны рашэньнем бюро Парлямэнцкай асамблеі яшчэ 13 студзеня 1997 году.
Сябры міжнароднай парлямэнцкай дэлегацыі распавялі, што пабачылі ў Беларусі шмат нэгатыўнага — і старых праблемаў, якія ўжо неаднойчы тут фіксавалі, і новых. Так, спадарыня Вольвэнд акцэнтавала ўвагу на ня вырашанай да гэтага часу праблеме зьніклых вядомых асобаў:
(Вольвэнд: ) “Мы вельмі чакаем тлумачэньня і высьвятленьня пытаньня аб зьніклых асобах. Мы стварылі ў Парлямэнцкай асамблеі адмысловы падкамітэт, які займаецца гэтай справай. І мы спадзяемся на супрацоўніцтва зь ім беларускіх уладаў, дзеля таго, каб высьветліць таямніцу зьнікненьня гэтых асобаў”.
Дэпутата зь Літвы Ёнаса Чэкуоліса ўразілі неверагодныя адносіны, якія склаліся апошнім часам у Беларусі паміж незалежнымі мэдыямі і ўладай:
(Чэкуоліс: ) “За восем месяцаў гэтага году сродкі масавай інфармацыі атрымалі 38 папярэджаньняў ад Міністэрства інфармацыі з розных прычынаў. Калі мы мелі сустрэчу з новым міністрам інфармацыі вашай краіны, ён сказаў вельмі проста: такі ёсьць закон, і міністэрства мусіць яго выконваць. Але ж з погляду Рады Эўропы, свабода слова ёсьць вельмі важным аспэктам грамадзкага жыцьця. І таму мы можам лічыць, што закон у Беларусі дае замнога магчымасьцяў, каб выносіць папярэджаньні”.
Дэпутат польскага сэйму Аляксандар Малахоўскі, якому цяпер 78 гадоў, казаў, што ён упершыню пабачыў краіну, дзе няма апазыцыі:
(Малахоўскі: ) “Усе эўрапейскія краіны маюць моцную апазыцыю. Тут апазыцыі наогул няма, яна тут ніякай ролі не выконвае. Дэмакратычная краіна без апазыцыі? Гэта вельмі зьдзіўляе. І таму людзі з дэмакратычных краінаў глядзяць на гэта зь недаверам — нешта тут ня тое. Магчыма, апазыцыя — вельмі цяжкая праблема для кіраўніцтва дзяржавы, але неабходная”.
Дакладчык у справах Беларусі Палітычнага камітэту парлямэнтар з Бэльгіі Стэф Горыс паведаміў, што дэлегацыя, якая наведала Беларусь, падрыхтуе невялікую адмысловую справаздачу аб сваёй паездцы. Наступнае паседжаньне бюро Парлямэнцкай асамблеі пройдзе пры канцы верасьня ў Страсбуры. Пытаньне аб сытуацыі ў Беларусі будзе пастаўленае на парадак дня гэтага паседжаньня. Але, на думку спадара Горыса, малаверагодна, што ў такі сьціслы час і на падставе толькі адной справаздачы бюро зможа прыняць рашэньне аб вяртаньні парлямэнту Беларусі статусу адмыслова запрошанага.