Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛІЦЭЙ БЫЎ ГНЯЗДОМ АПАЗЫЦЫЯНЭРАЎ”


Валянцін Жданко, Менск

Дзесяць гадоў таму расейска-беларуская інтэграцыя пачыналася з палітычных клятваў у вечным сяброўстве і сымбалічнага выкопваньня памежных слупоў пад Воршай. Сёньня, пасьля шматлікіх і шматгадовых цырымоніяў ды рытуальных падпісаньняў гэтая інтэграцыя дайшла да ўзаемных абвінавачаньняў ды пагрозаў. Роля, якую выконвае цяпер у гэтай кампаніі Аляксандар Лукашэнка, выклікае сярод слухачоў Свабоды супярэчлівыя ацэнкі. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў Віталь Ханевіч зь Ліды. Слухач піша:

“Не разумею, чаму Радыё Свабода цяпер рашуча і пасьлядоўна не становіцца на бок Аляксандра Лукашэнкі, які прынцыпова выступіў у абарону беларускай незалежнасьці, супраць агрэсіўных вялікадзяржаўных плянаў імпэрскай Расеі? Вы павінны падтрымаць яго ўсімі сродкамі, бо толькі ён здольны адстаяць незалежнасьць і выратаваць Беларусь з кіпцюроў двухгаловага арла”.

Для пачатку, спадар Ханевіч, няблага было б успомніць, хто, кажучы вашымі словамі, дазволіў гэтаму арлу запусьціць кіпцюры ў Беларусь? Хто амаль дзесяць год будаваў рознага кшталту беларуска-расейскія “супольнасьці”, “саюзы” ды “саюзныя дзяржавы”, дамагаючыся для сябе пасады ў маскоўскім Крамлі?

Іншымі словамі, хто вінаваты ў сытуацыі, пры якой Масква лічыць магчымым і прымальным рабіць ультыматыўныя прапановы, зьневажальныя для любой нацыі і любога прэзыдэнта незалежнай дзяржавы — аб уваходжаньні ў склад Расеі на правах шасьці губэрняў? Калі сумленна адказаць на гэта, пытаньне пра ролю Аляксандра Лукашэнкі як выратавальніка Беларусі ад расейскай экспансіі адпадае само сабою.

Ліст ад Алеся Цадка з Маладэчна. Слухач піша:

“Тыя, хто вераць у магчымасьць зьмены цяперашняй улады празь яе намэнклятуру — наіўныя людзі. Возьмем наша Маладэчна. Гэта вам ня Менск: тут адзін пра аднаго ведаюць шмат (у тым ліку і начальства). Не бяруся абагульняць, але вельмі многія “вэртыкальшчыкі”, кіраўнікі прадпрыемстваў і добрая частка міліцыі ўкрадзеныя ў нас грошы адмываюць праз сваякоў альбо падстаўных асобаў з дапамогай камэрцыйных структураў.

Нядрэнна жывуць і дэпутаты-палатнікі. Дзіву даесься: як гэта яны за сваю сьціплую дэпутацкую зарплату будуюць шыкоўныя катэджы ў прэстыжных мясьцінах?

Усіх гэтых начальнікаў, за якімі водзяцца грашкі, Лукашэнка трымае на кручку. Яму гэта выгадна. Паспрабуе хто-небудзь зь іх ня так варухнуцца — умомант затрапечацца на вудзе. Так што выйсьця ў іх няма: будуць верай і праўдай служыць “бацьку”, нішчыць апазыцыю і адкрыта фальшаваць вынікі любых выбараў”, — лічыць Алесь Цадко з Маладэчна.

Было б, спадар Цадко, спрашчэньнем зводзіць матывацыю дзеяньняў уладнай “вэртыкалі” толькі да названых вамі аргумэнтаў. Высокапастаўленымі чыноўнікамі кіруе ня толькі страх. Яны назіраюць, як іхныя калегі ў суседніх постсавецкіх краінах маюць магчымасьць атрымліваць высокія даходы і набываць уласнасьць зусім законнымі, легальнымі спосабамі, не рызыкуючы за гэта трапіць у турэмную камэру. І яны імкнуцца мець такія ж магчымасьці. У гэтым сэнсе цяперашнім становішчам большасьць іх зусім не задаволеная, і гэтыя настроі пры пэўных абставінах могуць мець значныя наступствы для палітычнай будучыні Аляксандра Лукашэнкі.

Пасьля доўгага маўчаньня адгукнуўся наш даўні апанэнт Зыгмунт Зялінскі зь мястэчка Дзятлава Гарадзенскай вобласьці. Гэтым разам ён выказаўся на тэму зачыненага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю:

“Хачу выказаць падзяку таму, хто закрыў нацыяналістычны ліцэй у Менску, — піша Зыгмунт Зялінскі. — Правільна зрабілі — раскідалі гняздо апазыцыянэраў. Гэта адтуль выходзілі на вуліцы малойчыкі з закрытымі тварамі ды нацягнутымі на нос каўнерамі і крычалі: “Далоў Лукашэнку!” Лукашэнка і тут паказаў, што ён самы разумны прэзыдэнт Эўропы.

Не прыпомню, спадар Зялінскі, такога выпадку ў гісторыі, каб нейкі палітычны дзеяч набыў рэпутацыю мудрага кіраўніка пасьля таго, як закрыў у сваёй краіне ўнівэрсытэт ці зьнішчыў культурную каштоўнасьць. Быў, праўда, у 4-м стагодзьдзі ў горадзе Эфэсе адзін грэк, які вырашыў увекавечыць сваё імя, спаліўшы храм Артэміды — адзін зь сямі цудаў сьвету. Звалі таго грэка Герастратам. Імя сваё ў гісторыі ён, сапраўды, захаваў — але каго цяпер называюць ягоным імем?

Увогуле, лістоў на тэму ліцэю мы атрымліваем нямала. Але ў большасьці іх выказваюцца тыя ж меркаваньні, якімі дзеліцца наш сталы слухач, школьнік Андрэй Паско зь Берасьця. Ён піша:

“Апошні час уважліва сачу за вашымі паведамленьнямі наконт закрыцьця Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю. Гэта вельмі сумная падзея, бо гасьне адзін з апошніх прытулкаў беларушчыны. Гэта тым больш небясьпечна, што стаўленьне да беларускасьці ў народзе збольшага пасіўнае, а часам і нэгатыўнае. Ды і паведамленьні вашых карэспандэнтаў аптымізму не дабаўляюць: сёлета ў Берасьці не адчынілася ніводнай новай беларускамоўнай клясы. Цалкам зразумела, калі ўлічыць настроі людзей. Але надзея яшчэ не згубленая”.

Надзеі можна ўскладаць, Андрэй, найперш на вас і тых вашых аднагодкаў, якія, нягледзячы на татальную русіфікацыю, захоўваюць беларускасьць і імкнуцца аб’ектыўна разабрацца ў тым, што адбываецца наўкол, якую нацыянальную палітыку ажыцьцяўляюць улады, каму выгадныя заняпад ды імклівае выцясьненьне беларускай мовы з грамадзкага ўжытку.

Чэслаў Хвайніцкі са Смаргоні напісаў свой ліст з нагоды гадавіны Аршанскай бітвы. Дзень 8-га Верасьня, які нацыянальна-дэмакратычныя сілы адзначаюць як Сьвята беларускай вайсковай славы, сёлета прайшоў вельмі сьціпла. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Але настане час, калі Беларусь будзе мець ня толькі юрыдычную, але і фактычную незалежнасьць ад Расеі. Адбудзецца гэта тады, калі найвышэйшыя дзяржаўныя пасады ў краіне зоймуць нацыянальна сьвядомыя патрыёты-інтэлектуалы. Тады маскоўскім марыянэткам ды іхным паслугачам не застанецца месца пры ўладзе. Мы вернем сабе і незалежнасьць, і гістарычную сымболіку, і родную мову ды культуру.

Будзем мець і ўласнае беларускамоўнае войска. А дзень 8-га Верасьня будзе адзначацца як дзяржаўнае сьвята. Партрэты ды бюсты Канстанціна Астроскага, Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага зоймуць сваё ганаровае месца ў вайсковых фармаваньнях і навучальных установах, дзе цяпер вісяць партрэты Суворава, які душыў нацыянальна-вызвольны рух беларусаў”.

Ня ўсе, спадар Хвайніцкі, падзяляюць ваш аптымізм. Многія нашыя слухачы згадваюць, што на пачатку 90-х гадоў беларусы ўжо мелі шанец на тое, каб пабудаваць дзяржаву на ўласных нацыянальных каштоўнасьцях, каб адрадзіць мову і культуру, каб юныя беларусы выхоўваліся на сваёй старажытнай гісторыі... На жаль, выглядае, што Беларусь — адзіная з постсавецкіх краінаў гэты шанец ня выкарыстала. А яго ня так часта дае гісторыя.

24 жніўня я цытаваў ліст Галіны Вахт з эстонскага гораду Торва — прыхільніцы палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, якой вельмі не падабаюцца сёньняшнія эстонскія рэаліі. Слухачка, пачуўшы мой адказ, даслала новы ліст, у якім піша:

“Ня ведала я, што вы там, на Свабодзе, заадно з асобнымі палітыкамі недалёкага розуму ды іхнымі прыслужнікамі, якія за грошы прыніжаюць Лукашэнку. Вы мяне палохаеце, прыніжаеце прапановай вярнуцца ў Беларусь. Я цяжкой працы не баюся. Мне 65 гадоў, я усяго ў жыцьці паспытала. Люблю працу на зямлі. Калгас, саўгас люблю. Там было жыцьцё: дружба, песьні... А цяпер эстонскія землі сталі пусткамі. Ні песень, ні ўсьмешак. Сваё дабро гніе: садавіну ды гародніну здаць няма куды, а нас труцяць усім замежным.

Я да вас зьвярнулася з уласнымі думкамі ды пытаньнем: як дайсьці да Лукашэнкі, каб спытаць у яго пра пагадненьне з Эстоніяй, пра дваццаць гадоў свайго працоўнага стажу ў Беларусі, які мне ў Эстоніі не залічылі. А вы мне пра пераезд, ды яшчэ са страшылкамі... Вось і ваш сапраўдны твар. Ненавідзіце вы ўсіх нас за тое, што мы любім Лукашэнку, які церпіць за тое, што любіць сваю зямлю і абараняе яе ад розных замахаў”, — напісала Галіна Вахт з эстонскага гораду Торва.

Ня першы раз атрымліваем мы падобныя лісты ад беларусаў, якія апынуліся за мяжой, хоць у свой час шмат гадоў жылі і працавалі ў Беларусі. Многія, спадарыня Вахт, як і вы, сутыкнуліся з праблемай пэнсіі. У краінах, дзе яны цяпер жывуць, ім тлумачаць: вы працавалі ў Беларусі, пералічвалі грошы ў яе пэнсійныя фонды — няхай цяпер беларускі ўрад і плаціць вам пэнсію за тыя гады.

Бо такая ўсясьветная практыка: калі грамадзянін, напрыклад, Злучаных Штатаў ці Нямеччыны амаль усё жыцьцё працаваў у сваёй краіне, а пад старасьць кудысьці пераехаў, ён права на пэнсію не губляе. Але ў тым і справа, што былым беларускім грамадзянам, якія пераехалі жыць ці то ў Ізраіль, ці то ў Эстонію, урад Беларусі пэнсію плаціць адмаўляецца. Чаму? Відавочна, ўлады імкнуцца такім чынам зэканоміць на былых суайчыньніках.

Што да магчымасьці задаць такія пытаньні Аляксандру Лукашэнку, то дзеля гэтага вам, спадарыня Вахт, давядзецца зьвярнуцца ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, на адрас 220030, Менск, вул. Карла Маркса, 38.

Апошнія дні нам таксама даслалі лісты Алесь Шустоўскі з Барысава, Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну, Аліна Дуброўская з Койданава (Дзяржынску), Алесь Марціновіч з Баранавічаў і Сяргей Іваноў зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG