Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных на чарговым брыфінгу заявіў з нагоды 11 верасьня:
(Савіных: ) “Мы рашуча асуджаем усе акты міжнароднага тэрарызму і лічым, што міжнародная супольнасьць павінная згуртавацца, каб даць адпор гэтай новай пагрозе сучаснасьці. Мы з глыбокім спачуваньнем ставімся да трагедыі амэрыканскага народу і гатовыя са свайго боку прадпрымаць усё магчымае супольна зь іншымі дзяржавамі сьвету, каб гэтая трагедыя не паўтарылася”.
Спадар Савіных адмовіўся адказаць на пытаньне, ці будуць неяк адзначаць дату 11 верасьня беларускія дыпляматычныя місіі ў Нью-Ёрку й Вашынгтоне.
А да амбасады ЗША ў Менску сёньня сябры Маладога Фронту паклалі белыя й чырвоныя кветкі. Пяцёра маладых беларускіх апазыцянэраў перадалі ў амэрыканскую амбасаду пасланьне на ангельскай мове, адрасаванае новаму амбасадару ЗША ў Беларусі Джорджу Кролу. Намесьнік старшыні Маладога Фронту Сяржук Лісічонак пераказаў зьмест пасланьня:
(Лісічонак: ) “Нягледзячы на тое, што трагедыя адбылася ўжо два гады таму, і нас аддзяляе такая вялікая адлегласьць — акіян — мы ўсё яшчэ памятаем гэтую трагедыю, усё яшчэ смуткуем разам з амэрыканцамі й захапляемся той мужнасьцю, настойлівасьцю й стойкасьцью, якую паказала амэрыканская нацыя ў сваім яднаньні й супрацьстаяньні такому злу, як тэрарызм”.
Спадар Лісічонак дадаў, што Малады Фронт не хацеў рабіць з гэтага палітычную акцыю, а проста прыйшоў выказаць салідарнасьць са Злучанымі Штатамі.
Гэтую ж салідарнасьць выказала бальшыня мінакоў, якіх я апытаў на менскай вуліцы Камуністычнай насупраць уваходу ў амбасаду ЗША.