(Карэспандэнтка: ) “Як Вы лічыце, ці ёсьць у Беларусі глеба для антысэмітызму?”
(Спадарыня: ) “Гледзячы дзе… У вёсцы няма глебы для антысэмітызму, а ў гарадох можа ёсьць”.
(Другая спадарыня: ) “Я думаю, што глеба для антысэмітызму ў Беларусі ў прынцыпе адсутнічае, таму што ўсе разумныя людзі, габрэі ўжо зьехалі… Калі што й здараецца, то з падачы КГБ або расейскіх спэцслужбаў. Бо ў Расеі даволі распаўсюджаная тэма антысэмітызму, і да гэтага часу простыя расейцы вінавацяць габрэяў у сваіх праблемах”.
(Спадар: ) “Глеба для антысэмітызму?.. У прынцыпе, на тэрыторыі Савецкага Саюзу яна заўсёды была. Я ведаю, што беларускі народ даволі талерантны да ўсіх нацыяў. Аднак заўсёды былі асобныя індывідумы, якія свае няўдачы перакладвалі на ўдачу другіх нацыяў толькі таму, што яны такімі зьяўляюцца — і на габрэяў, і на арабаў ды на іншых”.
(Другі спадар: ) “У мяне нават кніга ёсьць дома, дзе пра габрэяў гавораць шмат благога. Называецца “Аб габрэйскім фашызьме”. Нелегальна набыў яе ў Расеі, але яна распаўсюджваецца і ў нас у Беларусі”.
(Карэспандэнтка: ) “Як Вы лічыце, ці ёсьць у Беларусі глеба для антысэмітызму?”
(Спадар: ) “Канечне, ёсьць”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці сутыкаліся Вы з праявамі антысэмітызму?”
(Спадар: ) “Так, былі выпадкі. Я лічу, што гэта недалёкія людзі, якія робяць такія рэчы”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у Беларусі глеба для антысэмітызму?”
(Спадарыня: ) “Няма. У мяне шмат сяброў-габрэяў, вельмі добрыя людзі, і ўвогуле, гэта не ўласьціва беларусам”.
(Спадар: ) “Для гэтага паўсюль глеба можа зьявіцца. З гэтым у нас імкнуцца, калі зьявіцца, на карню зьнішчыць — каб такога не было”.
(Другі спадар: ) “Няма, бо прадстаўнікі гэтай нацыяў жывуць на тых жа правах, што й карэнныя беларусы. Я думаю, што няма патрэбы нават уздымаць гэтае пытаньне. Вы ведаеце, колькі вядомых беларускіх габрэяў сталі за мяжой, у Ізраілі вядомымі дзеячамі? Яны жывуць лепей за нас, карэнных беларусаў. Ёсьць такі помнік у Трасьцянцы, там іх вельмі шмат пахавана. Мы шануем памяць аб тых, хто загінуў у 2-й Усясьветнай вайне”.
(Другі спадар: ) “Я думаю, што няма. Адкуль Вы ўзялі, што ў нас ёсьць такое? Мне задецца, што няма. Тут усе добрыя людзі, і каб такое… Я ня чуў ніколі”.
(Трэці спадар: ) “Глеба для антысэмітызму… Напэўна ўжо не ў такім памеры, як гэта было за савецкім часам. З большага таму, што прадмета справы — габрэяў — усё менш і менш. Мы ўжо звыкліся з тым, што ўсё радзей іх сустракаем у жыцьці. Пытаньне гэта вечнае… Пакуль ёсьць апошні габрэй — ёсьць і антысэмітызм, бытавы ці нейкі іншы. Думаю, што тэма актуальная. Ёсьць габрэі — ёсьць пытаньне. Няма габрэяў — чаму іх няма? Вось гэта пытаньне…”