Канфэрэнцыю склікалі тэрмінова. Раніцай вывесілі абвестку, што пасьля абеду нібыта абмяркуюць, як выконваецца калектыўная дамова. Пытаньне пра пераход у іншы прафсаюз стаяла ў разьдзеле “рознае”, хаця яно насамрэч было галоўным. Гаворыць апэратар лініі афарбоўкі амартызатараў Ян Роман.
(Роман: ) ”У цэхах выбары дэлегатаў на канфэрэнцыю не праводзілі ўвогуле. На яе былі дапушчаны толькі працаўнікі першай зьмены, другая зьмена працавала. І потым высьветлілася, што мы ўжо не ў прафсаюзе аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня, а ў прамысловым прафсаюзе. Гэта многіх абурыла”.
Яна Романа не канфэрэнцыю не пусьцілі. Удзельнікі прагаласавалі за пераход у новы прафсаюз. Тым самым парушылі законы аб прафсаюзах, аб грамадзкіх аб’яднаньнях і статут “аўтасельгасмаша”. Ягоны старшыня Аляксандар Бухвостаў наведаў Горадню. Ён сказаў, што рашэньне канфэрэнцыі на заводзе аўтаагрэгатаў прызнана незаконным, рахунак першаснай арганізацыі заблякаваны.
Паводле сп. Бухвостава, немагчыма перавесьці адзін прафсаюз у іншы. Сяброўства індывідуальнае, кожны ахвотны асабіста павінен напісаць заяву. Каб стварыць новы прафсаюз, адміністрацыя павінна была спачатку стварыць ініцыятыўную групу. Але, напэўна, ёй далі вельмі мала часу, і яна пачала дзейнічаць гвалтам, лічыць Аляксандар Бухвостаў.
(А.Бухвостаў: ) “Мы прапанавалі кіраўніцтву заводу правесьці нармальную канфэрэнцыю, нармальна абмеркаваць пытаньні. Хто хоча быць у нашым прафсаюзе, застанецца ў ім. Хто хоча перайсьці ў нейкі іншы, хай пераходзіць”.
Сп. Бухвостаў зазначае, што дырэктарам няпроста працаваць у рынкавых умовах, і для іх галоўнае – пытаньні эканомікі.
(А.Бухвостаў: ) “А іх прымушаюць займацца ідэалёгіяй, прымушаюць займацца прафсаюзамі”.
Аляксандар Бухвостаў сказаў, што ў Горадні відавочна фарсіруюць перавод незалежных галіновых арганізацыяў у прафсаюз прамысловасьці. Падобнае адбылося яшчэ на заводзе карданных валоў і на “Радыёхвалі”. Паводле рабочага Яна Борыса, на заводзе аўтаагрэгатаў нямала тых, хто хоча застацца ў незалежным прафсаюзе. Аднак усё будзе залежаць ад рашучасьці дзеяньняў з боку кіраўніцтва “аўтасельгасмаша”.