Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕ ЦЯПЕР І ШТО РОБЯЦЬ БЫЛЫЯ МІНІСТРЫ?

Ганна Соусь, Менск

Міністра інфармацыі Міхала Падгайнага Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку на пачатку жніўня з фармулёўкай: “у сувязі зь пераходам на іншую працу”. З таго часу мінуў амаль месяц. Я патэлефанавала былому міністру інфармацыі дахаты й запыталася, дзе й кім ён будзе працаваць надалей.

(Падгайны: ) “Давайце так… — як кажуць, каб “ня зглазіць”. Я буду працаваць у сыстэме міністэрства інфармацыі на адным з прадпрыемстваў. Так скажам, магчыма, “Белсаюздрук”. Пачакайце вы яшчэ два дні… Недзе ў панядзелак я прыступлю да новай працы. Спадзяюся на гэта”.

Менавіта ў часе знаходжаньня Міхала Падгайнага на міністэрскай пасадзе быў прыпынены выхад “БДГ”, былі асуджаныя журналісты Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч, многія выданьні атрымалі папярэджаньні. Калісьці, камэнтуючы выступ Аляксандра Лукашэнкі на сэмінары па ідэалёгіі, Міхаіл Падгайны заявіў, што “ў нас у дзяржаве недзяржаўных газэтаў няма”.

Адначасова зь міністрам інфармацыі ў адстаўку пайшоў і міністар адукакцыі Пятро Брыгадзін. Я запыталася ў былога міністра, якім чынам была зьвязаная ягоная адстаўка з закрыцьцём Беларускага гуманітарнага ліцэю.

(Брыгадзін: ) “Мой сыход быў зьвязаны са станам здароўя, і я напісаў заяву значна раней…”

(Карэспандэнтка: ) “Значна раней за канфлікт зь Ліцэем?”

(Брыгадзін: ) “Так, але ж я яшчэ працаваў некаторы час. Таму, так скажам…”

Цяпер Пятро Брыгадзін ўзначальвае факультэт кіраваньня сацыяльнымі тэхналёгіямі Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту. Аднак ужо праз некалькі тыдняў факультэт будзе пераўтвораны ў Інстытут кіраваньня сацыяльнымі тэхналёгіямі пры БДУ, адпаведныя дакумэнты ўжо знаходзяцца ў Міністэрстве юстыцыі.

Дарэчы, у Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце ўладкаваўся яшчэ адзін былы міністар адукацыі — Васіль Стражаў — ён працуе дарадцам рэктара. Пасьля адстаўкі Стражаў узначальваў спачатку Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы.

Як лічыць былы прэм’ер-міністар Міхал Чыгір, лёс гэтых адстаўных міністраў, нягледзячы на паніжэньне статусу, яшчэ даволі ўдалы ў параўнаньні зь іншымі былымі ўрадоўцамі.

(Чыгір: ) “Багданкевіч наогул застаўся бяз працы, і калі ён спрабаваў чытаць у Эканамічным унівэрсытэце, то ў яго нічога не атрымалася. Узяць таго ж самага Лявонава… Былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту Анатоль Паўлаў таксама згубіў пасаду, таму што меў іншыя погляды. Тыя людзі, якія займалі высокія пасады й мелі іншыя погляды, увогуле застаюцца ў нашай краіне бяз працы і павінны шукаць яе ў камэрцыйных структурах. А гэта абсалютна іншае жыцьцё, павінна быць адпаведная падрыхтоўка.

Брыгадзіна я ведаю даволі даўно і лічу, што гэта адукаваны й падрыхтаваны чалавек, і погляды яго, я лічу, не зусім адпавядалі тым поглядам, якія павінен быў мець міністар адукацыі. Лічу, таму ён і пайшоў у адстаўку. А што тычыцца Падгайнага, то вядома, якую ён шкоду зрабіў дэмакратычнай прэсе”.
XS
SM
MD
LG