Асаблівую актыўнасьць у ціску на сябраў прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці дэманструе адказны за ідэалёгію намесьнік міністра прамысловасьці Іван Залатарэвіч. Гэты чыноўнік езьдзіць па прадпрыемствах галіны й прымушае дырэктароў ліквідаваць першасныя суполкі непадкантрольнага ўладам прафсаюзу.
Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік, які 2 верасьня сустракаўся з актывістамі прафсаюзу, сказаў, што нічога пра гэта ня ведаў і паабяцаў разабрацца. Гаворыць Леанід Козік:
(Козік: ) “Я ня ведаю, ці аказваюць яны ціск, ці не аказваюць. Я ў прэсе чытаю, што ці то намесьнік міністра, ці то хто яшчэ зьвяртаецца да адміністрацыяў прадпрыемстваў. Я зь міністрам сустрэнуся і разьбяруся”.
Аднак актывісты прафсаюзу ня надта спадзяюцца, што пасьля сустрэчы спадара Козіка зь міністрам прамысловасьці Анатолем Харлапам ціск будзе спынены. На думку прафсаюзных актывістаў, галоўная мэта ўладаў —ліквідаваць непадкантрольныя й дэмакратычныя прафсаюзы працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці ды аўтасельгасмашу. Не дадалі даверу да абаяцаньняў кіраўніка Фэдэрацыі і ягоныя словы пра тое, што ў няспынным падвышэньні коштаў на камунальныя паслугі вінаватыя ўрадавыя чыноўнікі, а “Аляксандар Лукашэнка, магчыма, пра гэта нічога ня ведае”.
Таму сябры прэзыдыюму прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці прынялі даволі рэзкую заяву з асуджэньнем дзеяньняў уладаў у справе зьнішчэньня іхнай арганізацыі. А таксама вырашылі стварыць аргкамітэт у справе аб’яднаньня прафсаюзаў, што трымаюцца незалежных прынцыпаў дзейнасьці прафсаюзнага руху.
Гаворыць лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:
(Фядыніч: ) “Гэтая ініцыятыва сыходзіць ад таго, што шмат першасных арганізацыяў, ня толькі ў нашай галіне, якія знаходзяцца на самастойных і незалежных пазыцыях стварэньня прафсаюзнага руху. Гэта тыя прафсаюзы, якія ведаюць, чым павінен займацца і на якіх пазыцыях стаяць прафсаюзны рух. Якія ня будуць паддавацца любому ціску. Таму мы з гэтай ініцыятывай выходзім да іншых прафсаюзаў. Калі нам давядзецца аб’яднацца, а я думаю, што давядзецца, то лепей аб’ядноўвацца на незалежных прынцыпах”.
Сваімі партнэрамі па аб’яднаньні ён бачыць прафсаюзы аўтасельгасмашу, мэталістаў, а таксама асобныя суполкі прафсаюзу абароннай прамысловасьці. Калі ціск уладаў ня спыніцца, Генадзь Фядыніч не выключае, што ягоны прафсаюз пакіне шэрагі Фэдэрацыі.
Прэзыдыюм прафсаюзу за раскольніцкую дзейнасьць выключыў з шэрагаў свайго аб’яднаньня намесьніка міністра прамысловасьці Івана Залатарэвіча.