Менавіта ў гэты садок прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі возяць сваіх дзяцей з усіх канцоў Менску. “Выхавальнікі ў беларускамоўных групах садку №314 падбіраліся зь беларускакультурных спэцыялістаў”,— сказаў адзін з прадстаўнікоў бацькоўскай суполкі Ўладзімер Пучынскі.
Такая пляцоўка дэпалітызаванага, беларускакультурнага й несавецкага выхаваньня ўтварылася, на думку бацькоў, дзякуючы загадчыцы садку, 57-гадовай Раісе Сьлясарчык, якая ўжо 17 год працуе на гэтай пасадзе. 31 жніўня кантракт спн. Сьясарчык заканчваецца, 28 жніўня Савецкі РАНА паведаміла, што ён ня будзе працягнуты з прычыны пэнсійнага веку загадчыцы. Гэта выклікала пярэчаньні ў шмат каго з бацькоў і супрацоўнікаў дзіцячага садку, якія асьцерагаюцца, што пасьля сыходу сп-ні Сьлясарчык на ейнае месца прызначаць чалавека менш кампэтэнтнага. Супрацоўнікі садку паведамілі “Свабодзе”, што ў тым жа Савецкім раёне працуюць 3 загадчыцы садкоў, чый век перавышае 60 год, аднак ніхто зь іх не зазнаў праблемаў.
Гаворыць Зьміцер Вайцэховіч, адзін са стваральнікаў асяродку:
(Вайцэховіч: ) “Тут беларускамоўныя групы й проста добры садочак. Гэта для мяне аднолькава важныя чыньнікі. Безумоўна, гэта заслуга загадчыцы, якая змагла і атмасфэру стварыць, і падабраць калектыў. Пра што сьведчыць і сам садок, і жаданьне туды патрапіць”.
Паводле зьвестак Зьмітра Вайцэховіча, на месца загадчыцы гэтага садку прапануецца асоба, якая не валодае беларускай мовай і непрыхільна ставіцца да беларускай культуры.
Супрацоўнікі садку накіравалі ў Савецкі РАНА Менску ліст з просьбай пакінуць спн. Сьлясарчык на пасадзе. Бацькі таксама зьбіраюць подпісы. Паводле іхных словаў, магчымы зварот бацькоў да Аляксандра Лукашэнкі, які 1 верасьня будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстай лінейцы ў 1-й Нацыянальнай гімназіі, якая створаная на базе Менскай школы №23.
Кіраўніцтва Савецкага РАНА Менску адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю, спасылаючыся на занятасьць.
Супрацоўнікі садку, уключна з загадчыцай, таксама адмаўляюцца ад якіх-небудзь камэнтароў. “Нас, пэдагогаў, і так зашмат у Менску, а як дадзім інтэрвію, дык павыганяюць з воўчым білетам”, — сказала маладая выхавальнічка.