Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАЎЛЕНЬНЕ ДА БЫКАВА І АРЛОВА: ГЛУПСТВА ЗЬ НЯНАВІСЬЦІ “КАЛХОЗНАГА РАЗЬЛІВУ”


Ганна Соусь, Менск

Тыднёвік “Літаратура і Мастацтва” сёньня выйшаў без артыкула з нагоды юбілея Ўладзімера Арлова, які падрыхтавала на замову рэдакцыі літаратурны крытык Ала Сямёнава. На першай старонцы “ЛіМ” зьмясьціў вялікі здымак новага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі на тле эскіза праекту будынка бібліятэкі, які цяпер ўзводзіцца ў Менску. На наступных чатырох старонках надрукаваныя артыкулы Таісы Бондар, Міхася Пазьнякова, Эдуарда Скобелева, Раісы Баравіковай, Міколы Мятліцкага і Ўладзімера Саламахі — гэта водгукі на ідэалягічную нараду Аляксандра Лукашэнкі.

Сёньня раніцай я прыехала ў рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову “Літаратура і Мастацтва” і зьвярнулася да яе кіраўнічкі Таісы Бондар з пытаньнем, чаму яна ў апошні момант выключыла з нумару артыкул пра Ўладзімера Арлова. Спадарыня Бондар заявіла, што ня мае ніводнай хвіліны, каб адказваць на пытаньні. Прыблізна гэтак жа адрэагаваў галоўны рэдактар тыднёвіка “Літаратура і Мастацтва” Віктар Шніп.

(Шніп: ) “Не буду нічога гаварыць. Выключыце свой дыктафон ды ўсё…”

Размаўляючы без дыктафону, Віктар Шніп паабяцаў, што матэрыялы да 50-годзьдзя Арлова калі-небудзь будуць надрукаваныя ў “ЛіМе”. Віктар Шніп дадаў, што многія артыкулы не трапляюць на старонкі газэты, і параіў не рабіць палітыкі з гэтай справы.

Больш катэгарычнымі былі меркаваньні літаратурных калегаў Уладзімера Арлова. Гаворыць віцэ-прэзыдэнт беларускага ПЭН-цэнтру Валянцін Тарас.

(Тарас: ) “Гэта праява глупства, выкліканага нянавісьцю. З майго гледзішча, гэта ў тым жа шэрагу стаіць з усім тым, што адбываецца вакол Ліцэю. Пазыцыя Арлова, як пісьменьніка нацыянальна сьвядомага… і дарэчы, у ягоных творах няма ніякай палітыкі, наўпрост палітыкі, ніякай палітычнай прапаганды тых палітычных колаў, да якіх ён як чалавек, як грамадзянін ставіцца прыхільна і падзяляе гэтыя погляды. Ён проста паказвае нам Беларусь, якая была. Яго глыбокая нацыянальная сьвядомасьць прыводзіць іх літаральна ў ярасьць”.

Валянцін Тарас адзначае пэўную сувязь паміж тым, як паставіліся да артыкулаў з нагоды юбілея Арлова, з тым, як раней на старонках дзяржаўнага друку, у тым ліку і ў літаратурных выданьнях, замоўчваліся дні народзінаў Васіля Быкава.

Дарэчы, у сёньняшнім нумары плянавалася надрукаваць здымак Уладзімера Арлова разам з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным. Як адзначыў для Радыё Свабода Рыгор Барадулін, гэты здымак быў для цяперашняга кіраўніцтва рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва” як чырвоная ануча для быка.

(Барадулін: ) “Гэта паўтарэньне старога, толькі “калхозны разьліў”. Што цяпер казаць, калі другі год ляжыць падпісаны ў друк першы том Быкава. Шамякіна выйшлі два тамы, хоця Быкава і раней падпісалі… А Быкаў і цяпер ляжыць у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Быкаў — такая фігура, што яны яго й мёртвага баяцца. За савецкім часам здымалі вершы і Панчанкі, і Караткевіча рэдагавалі, здымалі… Так што нічога новага няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG