Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПРЫЙШОЎ ЧАС НАЦІСНУЦЬ НА ПУЦІНА”


Юры Дракахруст, Прага

“International Herald Tribune” вітае высілкі Масквы, якая здолела пераканаць Пхеньян пайсьці на шматбаковыя перамовы наконт паўночнакарэйскай ваеннай ядзернай праграмы. Газэта таксама прыгадвае нядаўнюю апэрацыю амэрыканскіх, брытанскіх і расейскіх спэцслужбаў, у выніку якой быў прадухілены продаж зэнітных установак тэрарыстам. Аднак, паводле аўтараў артыкулу, ёсьць сфэры, у якіх Расея перашкаджае змаганьню Злучаных Штатаў зь міжнародным тэрарызмам.

Адным з такіх пытаньняў зьяўляецца лёс міжнароднага гандляра зброяй Віктара Бута. Бут прадаваў зброю паўстанскім і крымінальным групоўкам па ўсім сьвеце, уключна з Талібанам. Ён быў асуджаны ААН і расшукваецца бэльгійскай паліцыяй. Але зараз Бут знайшоў утыльны прытулак у Маскве. Расея адмаўляецца выдаць яго міжнароднаму правасудзьдзю.

Другой праблемаю аўтары артыкулу ў “International Herald Tribune” лічаць адносіны Расеі і Беларусі. Яны назваюць Беларусь небясьпечнай дзяржаваю, якая пастаўляе зброю такім краінам, як Іран, Сырыя і Паўночная Карэя. У артыкуле прыгадваецца, што на пачатку гэтага году ў Лібане быў перахоплены ваенны груз, які накіроўваўся зь Беларусі ў Ірак Садама Хусэйна. Беларусь – піша газэта – застаецца міжнародным кірмашом зброі, і кіраўніцтва Беларусі прадае зброю любому, хто прапануе найбольшую цану.

“International Herald Tribune” піша, што Лукашэнка разагнаў дэмакратычна абраны парлямэнт, сфальсыфікаваў вынікі выбараў і стаў эўрапейскім лідэрам у парушэньнях правоў чалавека. Вашынгтон – працягвае газэта – ігнаруе ці ізалюе Беларусь, але ня мае рычагоў узьдзеяньня на Менск, бо гандлёвыя і дыпляматычныя кангтакты ЗША зь Беларусьсю - мізэрныя.

У той жа час Расея пастаўляе ў Беларусь танныя энэрганосьбіты, ад якіх Беларусь цалкам залежная. На думку аўтараў артыкулу, расейская падтрымка зьяўляецца адзінай прычынаю выжываньня рэжыму Лукашэнкі. Але, паводле аўтараў, Уладзімер Пуцін, маючы моцныя рычагі ўздзеяньня на Менск, не скарыстоўвае іх, у той час як Беларусь пастаўляе зброю ў 6 з 7 краінаў, якія фігуруюць у “чорным сьпісе” Дзярждэпартамэнту ЗША як спонсары тэрарызму.

Паводле “International Herald Tribune” на кіраўніцтва Расеі ня быў зроблены належны ціск з боку амэрыканскай адміністрацыі, які б прымусіў Маскву вырашыць праблему Бута і праблему Беларусі. Аўтары артыкулу папракаюць прэзыдэнта Буша, што ён, абяцаючы змагацца з тэрарызмам усімі сродкамі, не патрабуе ад Расеі выдаць Віктара Бута і пакласьці канец беларускаму гандлю зброяй.

Адміністрацыя Буша заплюшчвае вочы на разьвіцьцё аўтакратыі ў Расеі ў абмен на ўдзел Масквы ў антытэрырыстычнай кампаніі – піша “International Herald Tribune”, і працягвае – але Расея магла б зрабіць значна больш у гэтым накірунку, а адміністрацыя Буша магла б запатрабаваць большага супрацоўніцтва з боку Расеі. Актыкул сканчаецца словамі: “Прыйшоў час націснуць на Пуціна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG