Кватэра Вольгі Іпатавай сёньня нагадвае кнігарню, у якую завезьлі новы тавар — паўсюль кніжныя стосы, запакаваныя ў шэрую паперу. Гэтая кніга — шматпакутная “Альгердава дзіда”, якая, яшчэ не дайшоўшы да кнігарняў, зьведала драматычны лёс.
Кніга была надрукаваная за аўтарскія грошы яшчэ летась, але ўвесь наклад быў фактычна арыштаваны ў друкарні. У кантрольных органаў паўсталі прэтэнзіі да Літаратурнага фонду Беларусі, які займаўся выданьнем кнігі.
Вольга Іпатава прайшла праз 4 суды зь Літаратурным фондам, дамагаючыся вяртаньня сваёй кнігі. Працэсы зноў і зноў адкладаліся, бо на паседжаньні не прыходзілі прадстаўнікі Літфонду, у тым ліку і ягоны старшыня, пісьменьнік і дэпутат верхняй палаты парлямэнту Мікалай Чаргінец. І вось нядаўна суд забавязаў Літфонд вярнуць Вользе Іпатавай 1400 асобнікаў ейнай кнігі, якія належалі ёй у адпаведнасьці з папярэдняй дамовай, а таксама яшчэ больш за тысячу асобнікаў — як кампэнсацыю за панесеныя страты. Гэтае рашэньне суду канчаткова выкананае сёньня, калі пісьменьніца атрымала ўсю належную ёй частку накладу.
І усё ж радасьць пісьменьніцы азмрочаная некаторымі абставінамі. Справа ў тым, патлумачыла Вольга Іпатава, што кніга пісалася адмыслова да 750-годзьдзя каранацыі першага караля Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга, якое прыпадала сёлета на ліпень. У Літве, параўноўвае пісьменьніца, гэтыя ўгодкі шырока адзначаліся, а ў Беларусі прайшлі незаўважана. Не было нічога, акрамя дзяжурнага мерапрыемства ў Наваградку, дзе 750 гадоў таму каранавалі Міндоўга.
(Іпатава: ) “У Наваградку не было нічога, акрамя навуковай канфэрэнцыі — гэта толькі 20-30 удзельнікаў. Але ніякай нават адзнакі ў горадзе пра каранацыю не было… Мне ад гэтага было вельмі горка, бо я старалася, пісала кнігу, спадзявалася, што яна найперш зьявіцца ў Наваградку. Але наваградзкія кіраўнікі нават на яе і не адгукнуліся, па сутнасьці. Мне зразумелая іхная пазыцыя як дзяржаўцаў, але як беларусаў, як людзей гэтай зямлі — мне цяжка гэта разумець…”
Для Вольгі Іпатавай дагэтуль застаецца сакрэтам, чаму не прыцягнулі да адказнасьці былое кіраўніцтва Літаратурнага фонду, якое вінаватае ў сытуацыі з арыштам накладу кнігі “Альгердава дзіда” і, як яна падазрае, можа спрычыніцца да некаторых іншых грашовых махінацыяў. Увогуле, пісьменьніца мяркуе, што цяжкасьці на шляху яе апошняй кнігі да чытача паўсталі невыпадкова і тлумачацца палітычнымі матывамі.
(Іпатава: ) “Натуральна, гэтая тэма была няўгодная ўладам, бо там асноўная сцэна — гэта каранацыя Міндоўга і ўваход нашай дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага, у агульную сям’ю эўрапейскіх дзяржаваў. Да таго ж прыняцьце адначасна Міндоўгам каталіцтва. Бо гэта ніяк ня ўпісваецца ў нашае пра-славянскае і пра-праваслаўнае грамадзтва, якое будуецца цяпер”.
Кніга Вольгі Іпатавай “Альгердава дзіда” хутка зьявіцца ў сталічных кнігарнях, а пазьней, разьлічвае пісьменьніца, і ў кнігарнях па-за Менскам. Тым часам Вольга Іпатава ўжо працуе над працягам кнігі, які будзе называцца “Знак вялікага магістра”.