Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ПЛЯНУЮЦЬ УВЕСЬЦІ Ў ДЗЕЯНЬНЕ НОВЫ ПЛЯН АДБУДОВЫ І СТАБІЛІЗАЦЫІ АФГАНІСТАНУ


Юры Дракахруст, Прага

Паводле плянаў адміністрацыі Джорджа Буша, дапамога Афганістану будзе павялічаная на мільярд даляраў у год. Грошы пойдуць зь бюджэту Пэнтагону, што ўскладзе на ваенае ведамства дадатковую адказнасьць за стабілізацыю ў Афганістане. Гэтую краіну па-ранейшаму страсае гвалт, на мінулым тыдні 65 чалавек загінула ў баёх паміж урадавымі войскамі і злучэньнямі непакорлівых палявых камандзіраў ды рэшткамі талібану і Аль Кайды.

Чарльз Фэрбэнкс, адмысловец з вашынтонскага цэнтру Джона Гопкінса, характаразуе зьмены ў амэрыканскай палітыцы ў Афганістане наступным чынам.

(Фэрбэнкс: ) “Відавочна, што першапачатковая амэрыканская формула для ўраду і эканамічнай дапамогі нагадвала першую дапамогу пры раненьні. Зараз яны зьвяртаюцца да рэальнага лячэньня”.

Новая стратэгія мусіць умацаваць пазыцыі афганскага лідэра Гаміда Карзая перад прэзыдэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў наступным чэрвені.

Афганскі ўрад атрымаў 4.5 мільярды даляраў замежнай дапамогі, але большая частка гэтых грошай пайшла на гуманітарную дапамогу, а не на разьвіцьцё.

Паведамляецца, што каардынатарам новай амэрыканскай праграмы дапамогі стане адмысловы пасланец прэзыдэнта ЗША Залмай Халілзод. Паводле амэрыканскіх урадоўцаў, ягоная роля будзе ў чымсьці нагадваць ролю Пола Брэмэра – кіраўніка амэрыканскай адміністрацыі ў Іраку. Праўда, афганскім урадоўцам такія аналёгіі не падабаюцца: “Афганістан не Ірак. У нас ёсьць сувэрэны ўрад,“ – гавораць яны. Новая праграма амэрыканскай адміністрацыі прадугледжвае прызначэньне прыблізна 100 амэрыканскіх адмыслоўцаў на ключавыя пасады ў афганскіх міністэрствах.

Пагрозу ўладзе Гаміда Карзая ўяўляюць ня толькі рэшткі злучэньняў талібаў і алькайдаўцаў, але і злучэньні палявых камандзіраў, якія адмаўляюцца падпарадкоўвацца Кабулу – такіх, як Гульбельдзін Хэкмаціяр і Абдулрашыд Дустум.

Аднак, амэрыканскія аналітыкі, у прыватнасьці, цытаваны Чарльз Фэрбэнкс, ня лічаць праблему гэтых неляяльных камандзіраў невырашальнай.

(Фэрбэнкс: ) “Некаторым з палявых камандзіраў Злучаныя Штаты проста плацілі, каб яны ваявалі з талібамі. Гэтыя людзі ня маюць глыбокіх каранёў. Я думаю, што іх можна адхіліць, калі заняцца гэтай справай усур'ёз і не пашкадаваць грошай. Іншымі словамі, немагчыма адхіліць усіх палявых камандзіраў пад час перадвыбарчай кампаніі. Але некаторых – магчыма».

Зараз кантроль над міратворчымі сіламі ў Кабуле перайшоў да НАТА. Але выглядае малаверагодным, што ён будзе распаўсюджаны па-за межы сталіцы.

Паводле амэрыканскіх аналітыкаў, адным з матываў вылучэньня новай амэрыканскай праграмы дапамогі Афганістану зьяўляецца пэрспэктыва ўласна амэрыканскіх выбараў. Калі Джордж Буш здолее стабілізаваць сытуацыю ў Афганістане і Іраку, ён атрымае сур’езныя шанцы на пераабраньне ў 2004 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG