Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПУЦІН КАЖА, ШТО НАСТАЎ ЧАС ПРЫМАЦЬ КАНЧАТКОВАЕ РАШЭНЬНЕ НАКОНТ РАСЕЙСКІХ РУБЛЁЎ У БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

У панядзелак расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін правёў чарговую нараду з урадам Расеі, падчас якой заявіў: “Днямі я размаўляў з прэзыдэнтам Беларусі, і мы дамовіліся пасьля гэтай сёньняшняй сустрэчы вызначыць дату сустрэчы з прэзыдэнтам. Мы падышлі да тае рысы, калі трэба прымаць канчатковае рашэньне: альбо так, альбо інакш”.

Паводле віцэ-прэм’ера Кудрына, праект, які абмяркоўваецца на маскоўскім паседжаньні, прайшоў узгадненьні ўсіх міністэрстваў і ведамстваў, але зьявіліся два новыя пагадненьні й два кантракты — у прыватнасьці, наконт расейскіх крэдытаў для Беларусі.

Зь беларускага боку ў Маскву паехала дэлегацыя на чале з кіраўніком Нацыянальнага банку Пятром Пракаповічам і віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым. Паседжаньне рабочай групы праходзіла на тле супярэчлівых паведамленьняў наконт праекту пагадненьня аб пераходзе Беларусі на расейскія рублі. Хаця некаторыя мэдыі паведамілі, што беларускі Нацбанк зможа самастойна выпускаць безнаяўныя расейскія рублі прапарцыйна памерам валавога ўнутранага прадукту Беларусі й Расеі, першы намесьнік старшыні расейскага Цэнтрабанку Алег В’югін заявіў, што вызначаць ліміты эмісіі рублёў як для Беларусі, гэтак і для Расеі будзе толькі рада дырэктараў Цэнтрабанку, куды будзе ўведзены прадстаўнік Нацбанку Беларусі.

Роля гэтага прадстаўніка будзе невялікая: “Ён зможа ўплываць на рашэньні, рабіць прапановы, але ў цэлым галасаваць і прымаць рашэньні будзе рада дырэктараў Банку Расеі. Таму эмісія безнаяўных рублёў будзе пад кантролем ды ісьці з аднаго цэнтру”, — сказаў спадар В’югін.

Паводле агенцтва “Интерфакс”, у праекце пагадненьня пра адзіную валюту ёсьць сур’ёзныя зьмены. Напрыклад, дата пераходу Беларусі на расейскія рублі — 1 студзеня 2005 году — вызначаная як безумоўная, хаця ў папярэдніх праектах яна была абумоўленая выкананьнем усіх неабходных працэдураў як у Расеі, гэтак і ў Беларусі.

Прадстаўнікі абодвух бакоў пакуль адмаўляюцца камэнтаваць зьмест праекту пагадненьня, аднак у ім ёсьць ключавая фраза: “Нацыянальны банк Беларусі захавае статус юрыдычнай асобы й будзе выконваць усе функцыі цэнтральнага банку краіны, за выняткам правядзеньня самастойнай курсавой палітыкі ды эмісіі наяўных грошай”. Прадугледжваецца, што абмен наяўных беларускіх рублёў будзе праходзіць цягам усяго 2005 году, а банкі ня будуць браць за гэта ніякіх камісійных працэнтаў. У першым паўгодзьдзі ў Беларусі можна будзе разьлічвацца і беларускімі, і расейскімі рублямі, а пасьля 1 ліпеня 2005 году — толькі расейскімі. Але гэта толькі праект. Пакуль у Беларусі ня ўведзеныя нават безнаяўныя рублі Расеі, хаця гэта плянавалася зрабіць 1 ліпеня.

Сьпікер Дзяржўнай думы Расеі Генадзь Селязьнёў заклікаў як мага хутчэй пазбавіцца разыходжаньняў паміж Менскам і Масквой наконт адзінай валюты і дадаў, што дасягнуць мэты — увесьці з 1 студзеня 2005 году саюзную валюту — можна толькі ў тым выпадку, калі “не пазьней за жнівень-верасень гэтае пытаньне будзе ўрэгуляванае бакамі”.

Нагадаю, што ў верасьні споўніцца 10 гадоў працэсу валютнай інтэграцыі Беларусі й Расеі. На пачатку восені 1993 году тагачасныя прэм’ер-міністры дзьвюх краін Вячаслаў Кебіч і Віктар Чарнамырдзін падпісалі пагадненьне аб аб’яднаньні грашовых сыстэмаў Беларусі й Расеі, але яно так і не было рэалізаванае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG