Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬПІС ПАВАЕННЫХ АХВЯРАЎ У ІРАКУ ДАСЯГНУЎ 32 ЧАЛАВЕК


Ганна Соусь, Прага

Вашынгтон усё больш заклапочваецца праблемай бясьпекі ў Іраку, дзе ўстойліва расьце колькасьць забітых амэрыканцаў. Ад 1 траўня, калі прэзыдэнт Джордж Буш абвесьціў пра заканчэньне галоўнай ваеннай апэрацыі ў Іраку, загінулі ўжо 32 вайскоўцы, да іх яшчэ можна дадаць шэсьць брытанскіх вайскоўцаў. Большасьць – у выніку нападаў на патрулі й канвоі. Да нядаўняга часу прэзыдэнт ЗША Джордж Буш ды іншыя высокапастаўленыя ўрадоўцы ў Вашынгтоне заяўлялі, што сытуацыя зь бясьпекай у Іраку паляпшаецца. Аднак ужо на мінулым тыдні Джордж Буш заявіў рэпарцёрам ў часе свайго афрыканскага візыту: “Мы апынуліся перад неабходнасьцю заставацца жорсткімі ў Іраку”. Дзяржсакратар ЗША Дональд Рамсфэльд гэтаксама папярэдзіў, што колькасьць нападаў на амэрыканскіх вайскоўцаў на гэтым тыдні можа павялічыцца ў сувязі з шэрагам сьвяточных датаў былога рэжыму Садама Хусэйна і ягонай партыі БААС, якія прыпадаюць на гэты тыдзень. Паводле кіраўніка Пэнтагону, напады на амэрыканцаў ёсьць часткай скаардынаванага антыамэрыканскага супраціву. Аднак антыамэрыканскія сілы ня здолеюць свабодна дзейнічаць у Іраку з той прычыны, што там зараз знаходзяцца прыблізна 150 тысячаў амэрыканскіх вайскоўцаў, упэўнівае Дональд Рамсфэльд.

На гэтым тыдні Вашынгтон вырашыў адкласьці заплянаванае вяртаньне дамоў 10 тысячаў вайскоўцаў з найбольш дасьведчанай 3-й пяхотнай арміі. Менавіта гэтае падразьдзяленьне першым увайшло ў Багдад і пазьней брало на сябе патруляваньне ірацкай сталіцы й яе ваколіцаў.

Амэрыканскія ўрадоўцы кажуць, што пакуль яны ня маюць намераў павялічваць колькасьць амэрыканскіх сілаў у Іраку, аднак кіраўнік Пэнтагону Дональд Рамсфэльд падкрэсьлівае, што пры неабходнасьці дадатковыя войскі будуць накіраваныя ў Ірак. Аналітыкі гавораць, што праблема бясьпекі ў Іраку цяпер як ніколі вострая. Джуліан Ліндлі–Фрэнч, дырэктар у справах эўрапейскай бясьпекі Жэнэўскага дасьледчага цэнтру, гаворыць, што прыхільнікі Хусэйна плянавалі напады яшчэ перад завяршэньнем вайны. Гэта стала статэгіяй рэжыму Хусэйна, калі стала відавочна, што ён будзе скінуты. Джуліан Ліндлі-Фрэнч чакае, што ў блізкім часе нападаў паболее вакол Багдаду і на поўначы да Тыкрыту. Аналітык кажа, што ён ня будзе здзіўлены, калі аб’яднаная групоўка з 200 тысячаў амэрыканскіх і брытанскіх вайскоўцаў выкліча варожасьць ня толькі з боку прыхільнікаў Садама, але і з боку людзей з антызаходнімі настроямі. Паводле аналітыка, у арабскім сьвеце дастаткова людзей, якія проста ня любяць ЗША і Вялікую Брытанію.

Джуліан Ліндлі–Фрэнч кажа, што паколькі ЗША амаль штодня маюць аднаго забітага ў Іраку, то Вашынгтон павінен паставіць пытаньне – ці гатовыя яны плаціць такую цэну за ўсталяваньне стабільнасьці ў Іраку? Вынікі апытаньня 1000 амэрыканцаў на мінулым тыдні паказалі, што больш за палову зь іх уважаюць колькасьць амэрыканскіх ахвяраў у Іраку за недапушчальную. Апытаньне, якое правялі інфармацыйная карпарацыя АВС і газэта “Washington Post”, засьведчыла, што толькі 57% апытаных – у параўнаньні з 70% пры канцы красавіка – лічаць, што трэба было весьці гэтую вайну.

Амэрыканскі генэрал Томі Фрэнкс, які сышоў з пасады кіраўніка Цэнтральнага камандаваньня ЗША на мінулым тыдні, заявіў, што амэрыканскія войскі застануцца ў Іраку яшчэ 4 гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG