Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІЯ КІРОЎЦЫ-ДАЛЬНАБОЙНІКІ ПРАВЯЛІ ПАПЕРАДЖАЛЬНЫ СТРАЙК


Галіна Абакунчык, Менск

Гэтымі днямі кіроўцы-дальнабойнікі мусяць рыхтаваць прычэпы, а разам зь імі й аўтамабілі-цягачы, арандаваныя ў партнэраў, для адпраўкі за мяжу. Ад гэтага часу іхныя прадпрыемствы, якія спэцыялізуюцца на міжнародных перавозках, скарачаюць аб’ёмы альбо закрываюцца, а самі кіроўцы стануць беспрацоўнымі. Таму дальнабойнікі некалькіх прадпрыемстваў сабраліся разам каля сваіх аўтацягнікоў, каб папярэдзіць улады пра намер адстойваць сваё права на працу ўсімі сродкамі.

(Кіроўца: ) “Нас пазбаўляюць працы, гэтыя рашэньні ідуць нават не ад нашага ўраду, а ад прэзыдэнта”.

(Іншы: ) “Усе краіны зьдзіўляюцца: беларускі перавозчык быў самы моцны ў краіне, і цяпер яго свой жа прэзыдэнт паставіў на калені”.

(Кіроўца: ) “Ніхто ня ўпэўнены ў заўтрашнім дні: прыносім грошы ў бюджэт, а нас выкідваюць. Гэта падрыў эканомікі”.

(Другі: ) “Перад выбарамі, калі патрэбныя былі выбарцы, прэзыдэнт прыехаў на нашае прадпрыемства, дзяцей нашых насіў на руках, а цяпер гэтых дзяцей пакідае бяз хлеба”.

(Кіроўца: ) “Усім сваім сябрам і сваякам скажу — калі яшчэ хто-небудзь прагаласуе за гэтага прэзыдэнта, то каб у мяне на парозе і нагі не было”.

Гэткае становішча склалася пасьля таго, як 28 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт распарадзіўся зьбіраць дадатковае мыта з прычэпаў замежнай рэгістрацыі, якія арандуюць айчынныя прадпрыемствы. Прычым гэта выключна айчыннае вынаходніцтва: ніводная эўрапейская краіна не патрабуе падобных выплатаў. Гэта 400 эўра за месяц з кожнай адзінкі тэхнікі, што айчынным перавозчыкам сталася не па кішэні. Як вынік, арандаваныя прычэпы яны змушаныя вяртаць гаспадарам, а кіроўцаў звальняць. Гэткім чынам, на вуліцы апынуцца ня менш як 6 тысяч прафэсійных кіроўцаў, а рынак міжнародных перавозак для Беларусі будзе страчаны назаўсёды. Кажа дырэктар прадпрыемства “Белаўтатранс” Мікалай Котаў:

(Котаў: ) “Праблема ўзьнікла з прычыны таго, што нарматыўная база ў адносінах гэтых прычэпаў дагэтуль не ўрэгуляваная. Мне хацелася бы ведаць, чаму гэтыя правілы не ўжываюцца да расейскіх, літоўскіх ці польскіх перавозчыкаў, а толькі айчынных. Калі ў найбліжэйшы час дзяржава ня прыме новых дакумэнтаў, што грунтуюцца на міжнародных канвэнцыях, то міжнародныя перавозкі Беларусь страціць. Бо ніводзін замежны інвэстар ня дасьць нам тэхніку і перавозкі возьмуць на сябе транспартныя кампаніі іншых дзяржаваў. У сваю чаргу, калі гэтая сыстэма разваліцца, то на рынак будзе выкінутая вялікая колькасьць высокакваліфікаванай працоўнай сілы”.

Дальнабойнікі гатовыя адстойваць сваё права на працу.

(Кіроўца: ) “Я хочу сказаць усім прысутным і ўсім вадзіцелям Беларусі, што мы зьбяромся, возьмем мантыроўкі і пойдзем да “белага дому”, будзем патрабаваць свае правы, каб нас лічылі за людзей”.

(Іншы: ) “Выйсьці на плошчу — адзіны варыянт, каб прыцягнуць увагу прэзыдэнта да нашых бедаў. І будзем патрабаваць, каб сам прэзыдэнт выйшаў на плошчу да нас і патлумачыў, што нам рабіць далей”.

(Кіроўца: ) “Тое, што робяць з намі, транспартнікамі, — нам такі прэзыдэнт не патрэбны”.

Пасьля папераджальнай акцыі кіроўцы пастанавілі: калі іхныя патрабаваньні ня будуць выкананыя, яны накіруюць калёну аўтацягнікоў да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG