Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ДРУК ШЫРОКА КАМЭНТУЕ АДСТАЎКУ ПРЭМ’ЕР-МІНІСТРА БЕЛАРУСІ


Юры Дракахруст, Прага

Паводле зьвестак выданьня, сярод прэтэндэнтаў на пасаду новага кіраўніка ўраду Беларусі – Сяргей Сідорскі, які зараз выконвае абявязкі старшыні ўраду, старшыня нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч і генэральны пракурор Віктар Шэйман. “Коммерсантъ” нагадвае, што Сідорскі вёў перамовы з Расеяй пра прыватызацыю Белтрансгазу, якія не прывялі да станоўчых вынікаў. Газэта зьвяртае ўвагу, што днямі віцэ-прэм’ер і міністар эканомікі Андрэй Кабякоў быў прызначаны сябрам праўленьня Нацбанку. Выданьне не выключае “ракіроўкі”: Кабякоў узначальвае Нацбанк, Пракаповіч робіцца прэм’ерам.

Наконт кандыдатуры Шэймана “Коммерсантъ” заўважае, што яна абсалютна не задавальняе Крэмль, бо Шэйман – асабісты сябра Лукашэнкі і выканае любы загад кіраўніка дзяржавы. “Коммерсантъ” прыгадвае, як летась у разгар газавага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй Генадзь Навіцкі езьдзіў у Маскву і ледзь не выбачаўся за рэзкія выказваньні Лукашэнкі. “А раптам і зараз паехаў бы ў Маскву ўлагоджваць праблемы і зрабіў бы гэта ня так, як хацелася б беларускаму “бацьку”, – піша “Коммерсантъ”.

Выданьне “Газета” прыводзіць словы расейскага палітоляга Дзьмітрыя Арлова, паводле якога Навіцкі пацярпеў за тое, што “рэальна разумеў расейскія інтарэсы ў Беларусі і спрабаваў іх задаволіць, разумеючы маштабы Беларусі і памеры запазычанасьці”. Газэта “Время МН” паведамляе, што беларускія аналітыкі наўпрост зьвязваюць адстаўку Навіцкага з пачаткам кампаніі правядзеньня рэфэрэндуму, які б дазволіў Лукашэнку балятавацца на трэці тэрмін. Ужо прыгаданае выданьне “Газета” мяркуе, што менавіта з улікам пэрспэктывы правядзеньня рэфэрэндуму вялікія шанцы на пасаду кіраўніка ўраду мае Віктар Шэйман.

Газэта “Ведомости” цытуе ананімнага супрацоўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, паводле якога канстытуцыйны рэфэрэндум Лукашэнка плянуе правесьці сёлета ў кастрычніку-лістападзе. “Электарат у Лукашэнкі ў асноўным вясковы, таму ён зрабіў паказальнае пакараньне кіраўнікоў, адказных за сельскую гаспадарку”, – падкрэсьліў крамлёўскі суразмоўца “Ведомостей”. Ён дадаў, што рэйтынг Лукашэнкі, паводле апошніх апытаньняў, падае сярод усіх групаў насельніцтва, але сяляне – яго галоўны рэзэрв, які спатрэбіцца, калі рэфэрэндум адбудзецца ў бліжэйшыя месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG