Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАЎГІ ЗА МАЛАКО І ЖЫВЁЛУ ПАЙШЛІ НА ВЫПЛАТУ ВЯСКОЎЦАМ САКАВІЦКІХ ЗАРОБКАЎ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Гомельшчына таксама рапартавала, што запазычанасьці перад вёскай за здадзеную прадукцыю няма. Аднак, паводле інфармацыі Камітэту дзяржкантролю, доўг за жывёлу і малако на пачатак ліпеня складаў звыш паўмільярду рублёў, у тым ліку насельніцтву — 358 мільёнаў.

Усьлед за нарадай у сталіцы, аблвыканкам раздаваў свае, так бы мовіць, пернікі кіраўнікам перапрацоўчых прадпрыемстваў, бо яшчэ на ўчорашні дзень доўг складаў 130 мільёнаў рублёў. Зь іх 49 мільёнаў прыпадала на акцыянэрнае таварыства “Малочныя прадукты”. Вінаватым стаўся ягоны дырэктар Генадзь Крот. Акурат яго аблвыканкам рэкамэндаваў радзе таварыства “Малочныя прадукты” вызваліць ад пасады.

Аднак Генадзь Крот сьцьвярджае, што затрымка разьлікаў за малако доўжылася толькі суткі. Прычынаю яе сталася крэдытаваньне калгасаў і саўгасаў дзеля выплаты заробку вяскоўцам за сакавік. Гэтага дамагаліся райвыканкамы і гаспадаркі.

Распавядае дырэктар Крот:

(Крот: ) “Мы 177 мільёнаў рублёў аддалі ў якасьці авансу іншым гаспадаркам для разьлікаў па сакавіцкім заробку. Трэба было разьлічыцца яшчэ за сакавік. Аддалі наўпрост, а сябе падставілі”.

Амаль такая ж сытуацыя з разьлікамі склалася і на Калінкавіцкім мясакамбінаце, які таксама скрытыкавалі за даўгі здатчыкам жывёлы. Своечасовым разьлікам камбінату перашкаджаюць запасы мяса ў лядоўнях. Рэалізацыя прадукцыі мясакамбінату ўнутры краіны слабая з прычыны беднасьці насельніцтва. Кавалак каўбасы ці мяса людзі ня могуць купіць. Малыя заробкі і пэнсіі. Паслухаем гомельскую пэнсіянэрку, якая назвалася Натальляй:

(Натальля: ) “Каўбасы ўжо не ямо. Масла не бярэш, і нічога такога не бярэш. Толькі хлеб і малако”.

На расейскім рынку беларускае мяса неканкурэнтаздольнае коштам. Апроч таго, расейцы, у прыватнасьці, фірмы Санкт-Пецярбургу, адмаўляюцца ад калінкавіцкага мяса з прычыны наяўнасьці ў ім стронцыю. А без рэалізацыі няма і грошай.

Відавочна, што за нявыплатамі за малако і мяса вяскоўцам хаваецца ня столькі безадказнасьць дырэктараў перапрацоўчых прадпрыемстваў, колькі эканамічныя прычыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG