Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 ГАДОЎ ПРЭЗЫДЭНЦТВА А.ЛУКАШЭНКІ: ШТО КАЖУЦЬ ПРА ЯГО ДЗЕЙНАСЬЦЬ ГРАМАДЗЯНЕ КРАІНЫ?


Галіна Абакунчык, Менск

Ці галасавалі вы за Аляксандра Лукашэнку і ці задаволеныя ягонай дзейнасьцю ў якасьці прэзыдэнта краіны? Гэтыя пытаньні я задавала людзям пераважна сталага веку, якія былі паўнагадовымі на час першага абраньня прэзыдэнта Беларусі. І вось якімі былі адказы:

(Спадар: ) “Не галасаваў і не задаволены. Таму што кепска ў дзяржаве: кепска ў эканоміцы, жыцьцё кепскае, усё кепскае”.

(Спадар: ) “Я галасаваў за яго, і наступны раз за яго буду галасаваць”.

(Карэспандэнтка: ) “А чым ён вам так спадабаўся?”

(Спадар: ) “Сваёй агрэсіўнасьцю і як ён стаіць за народ”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці апраўдваюцца вашыя спадзяваньні на прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі?”

(Спадар: ) “Не апраўдваюцца, бо ў нас яшчэ за красавік заробкаў ня выплацілі — мы ў сельскай мясцовасьці жывем. Мы — людзі забітыя”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі б давялося яшчэ раз галасаваць?”

(Спадар: ) “Не галасаваў бы”.

(Спадар: ) “Галасаваў. Я яго падтрымліваю і ўсю ягоную палітыку. Малайчына: навёў парадак у Беларусі. Усе краіны былога Савецкага Саюзу жывуць значна горш за Беларусь, парадку там нашмат менш”.

(Спадар: ) “Я не галасаваў за яго ніводнага разу, зусім не шкадую. Бо ўсе гэтыя дзевяць гадоў паказваюць, што гэта марна патрачаны час для краіны. Ён шмат абяцаў добрага, многія людзі паверылі, а цяпер гэтую веру страцілі. Ён са сваёй камандай не працуе на стварэньне, а робіць усё, каб парушыць свабоды, эканоміку пакінуць у першабытным стане. Прэзыдэнта з Аляксандра Рыгоравіча не атрымалася”.

Варта зазначыць, што вельмі многія людзі ўвогуле адмаўляліся адказваць на прытаньні, зьвязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам. А тыя, што выказвалі незадаволенасьць цяперашняй уладай, дыпляматычна абыходзілі ягонае імя.

(Спадар: ) “Ці задаволены я асабіста прэзыдэнтам, я не магу сказаць, але я скажу пра цяперашняе становішча ў краіне. Нашая краіна мае патрэбу перабудовы, і тут вельмі карысным будзе досьвед, які ўжо маюць замежныя краіны”.

(Спадарыня: ) “Сама я працую настаўніцай у сельскай мясцовасьці, і з заробкамі ў нас дрэнна, і жыцьцё ў нас зусім дрэннае. Але галасаваць — дык, вядома, галасавалі мы ўсе”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці апраўдаліся вашыя спадзяваньні на прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі?”

(Спадар: ) “Цяжка сказаць адназначна: ёсьць і адмоўныя, і станоўчыя моманты. Але ж эканоміка ў складаным стане”.

(Спадар: ) “Я галасаваў за яго абодва разы. У яго шмат добрых якасьцяў, але дастаткова і дрэнных. Не задавальняе ягоная эканамічная палітыка. Мне не падабаецца ягонае стаўленьне да ўраду краіны. Асабліва ягоны апошні наезд — гэта ўвогуле несур’ёзна”.

(Спадар: ) “Адказаць, задавальняе мяне гэтая ўлада альбо не, вельмі цяжка. Якая ўлада ёсьць, такая і ёсьць. Але тэрмін захоўваньня гэтай улады мае й нейкую мяжу. Таму я, як і большасьць беларусаў, лічу, што наперадзе ва ўсіх нас сьветлая будучыня”.

Гэта былі выказваньні мінакоў пра 9-гадовае кіраваньне краінай Аляксандрам Лукашэнкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG