Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ IREX ПАТРАБУЕ ТЛУМАЧЭНЬНЯЎ У КГБ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Кіраўнік прадстаўніцтва IREX у Беларусі Робэрт Артэга спадзяецца, што ў жніўні, калі скончыцца тэрмін дазволу на дзейнасьць арганізацыі ў Беларусі, дазвол будзе працягнуты, але вымушаны ўлічваць і горшы варыянт. “Пэўны час мы зможам яшчэ працаваць, пакуль будзем абскарджваць рашэньні ўладаў у судзе. Але трэба разумець, што, калі нас закрыюць, ад гэтага перш за ўсё пацерпяць людзі Беларусі”, — лічыць кіраўнік прадстаўніцтва IREX. Яго падтрымалі беларускія каардынатары праграмаў ІRЕХ у Беларусі. Адяксандар Саладкоў, каардынатар праграмы разьвіцьця Інтэрнэт-цэнтраў, сказаў Радыё Свабода:

(Саладкоў: ) “За 21 месяц было больш за 110 тысяч візытаў у нашыя Інтэрнэт-цэнтры. 40% зь іх — гэта моладзь, студэнты, школьнікі. Шмат хто ўжо тэлефанаваў і выказваў нам падтрымку, а таксама шкадаваньне, што, калі цэнтры закрыюць, немагчыма будзе карыстацца Інтэрнэт-рэсурсамі, іх адлучаць ад супольнасьці, ад кантактаў”.

Паводле Аляксандра Саладкова, менш як за два гады з дапамогай IREX у вялікіх гарадах Беларусі было адкрыта 9 Інтэрнэт-цэнтраў. Яны дзейнічаюць ў дзяржаўных бібліятэках, дзе наведнікі могуць бясплатна карыстацца паслугамі сеціва. “Калі ІRЕХ закрыюць, гэта балюча ўдарыць па моладзі, асабліва ў правінцыі, дзе ў людзей мала грошай. Нядаўна з нашай дапамогай 26 беларускіх школаў наладзілі кантакты са школамі ў розных краінах сьвету — што будзе з гэтымі кантактамі?” — пытаецца Аляксандар.

Робэрт Артэга ня згодны з абвінавачаньнямі КГБ і Дзяржкантролю ў варожай дзейнасьці й эканамічных парушэньнях. Ён паведаміў, што кіраўніцва IREX у Вашынгтоне ўжо накіравала ліст у КГБ Беларусі з просьбай патлумачыць прэтэнзіі. А вось што кажа на гэты конт кіраўнік упраўленьня сувязяў з грамадзкасьцю КГБ Аляксандар Базанаў:

(Базанаў: ) “Мы ў сваім фільме “Павуціньне” паказалі дастаткова прыкладаў таго, як дзейнасьць ІRЕХ з кансультацыйнай стала ператварацца ў палітычную”.

Сярод прэтэнзіяў да амэрыканскай арганізацыі Аляксандар Базанаў выказаў дзьве асноўныя: што пэўны час IREX не даваў поўных зьвестак пра расход грошай у Беларусі і што не дапамагаў у тым, каб з гэтых грошай цалкам плаціліся падаткі. У тым, што гэтыя прэтэнзіі і цяпер ІRЕХ не прызнае, супрацоўнік КГБ бачыць прыкмету нежаданьня кіраўнікоў арганізацыі весьці дыялёг.

(Базанаў: ) “Такім чынам, дыялёг не атрымліваецца. А тое, ці атрымае ІRЕХ дазвол далей працаваць у Беларусі, гэта ня нашая кампэтэнцыя. Гэта вырашыць урад краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG