Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНАЯ ПАЛІТЫКА ЗША Ў СТАСУНКУ ДА “ЛУКАШЭНКАЎСКАГА РЭЖЫМУ” – СПРАВАЗДАЧА ДЕЗЙНАСЬЦІ

Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Ужо ўступныя радкі дакумэнту згадваюць Беларусь двойчы ў сувязі з забойствам журналістаў і лідэраў апазыцыі. У разьдзеле дакумэнту, прысьвечаным Беларусі, гаворыцца, што за апошнія 2 гады палітыка ЗША да Беларусі будавалася вакол шырокага кола праблем. Сярод іх: павага да правоў асобы, адказнасьць за зьнікненьні палітычных апанэнтаў і журналістаў, законнасьць, разьвіцьцё дэмакратычных палітычных і выбарчых працэсаў, падтрымка грамадзянскай супольнасьці, мас-мэдыяў і рэлігійных свабод, правоў працоўных і процістаяньне гандлю людзьмі. Што да афіцыйных дачыненьняў з уладамі, дык ЗША працягваюць палітыку абмежаваных кантактаў. Гэтая палітыка не прадугледжвае ніякай непасрэднай дапамогі ўраду і дзяржаўным установам Беларусі, апроч гуманітарнай і навуковых абменаў.

Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту і амбасады ЗША рэгулярна сустракаюцца з актывістамі недзяржаўных арганізацый і апазыцыйных партый, прысутнічаюць на судовых паседжаньнях і назіраюць за дэманстрацыямі. Прадстаўнікі амбасады таксама наведвалі ў турмах зьняволеных журналістаў. У справаздачы гаворыцца, што Джярждэпартамэнт супрацоўнічае з офісам АБСЭ ў Менску, камісіяй па правох чалавека ў ААН і афіцыйнай Расеяй, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Дакумэнт пералічвае тыпы праграм дапамогі недзяржаўным арганізацым, як напрыклад, праграму адукацыі адвакатаў па абароне справаў палітычнага перасьледу і зьнікненьняў у нацыянальных і міжнародных судох. Пераважная бальшыня праграм, як вынікае з дакумэнту, скіраваная на адукацыю і тэхнічную дапамогу грамадзянскай і палітычнай супольнасьцям і прэсе.

Цікавая дэталь справаздачы: з першага ж сказу палітычная сыстэма ў Беларусі названая імём стваральніка – лукашэнкаўскі рэжым. Ніводная іншая краіна, нават Туркмэністан, гэтак не была ахарактарызаваная.
XS
SM
MD
LG