Рэакцыя афіцыйнага Менску на просьбу пацьвердзіць альбо абвергнуць інфармацыю пра сакрэтны візыт Міхаіла Мясьніковіча ў Вашынгтон была вельмі загадкавай. Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч сказала мне, што яна “ў курсе” публікацыяў пра гэты візыт, але замест камэнтару заявіла:
(Пяткевіч: ) “Мы ніяк не камэнтавалі”.
(Карэспандэнт: ) “І ня будзеце?”
Замест адказу спадарыня Пяткевіч паклала трубку.
А прэсавая сакратарка прэзыдыюму Нацыянальнае Акадэміі навук Тацяна Арэшка заявіла, што спадар Мясьніковіч знаходзіўся ў ЗША за месяц да тае даты, якая пазначаная ў амэрыканскай публікацыі.
(Арэшка: ) “У пэрыяд з 26 красавіка па 5 траўня дэлегацыя НАН у складзе прэзыдэнта і галоўнага навуковага сакратара паводле запрашэньня вядучых унівэрсытэтаў і навучальных цэнтраў знаходзілася ў ЗША. І падчас гэтага візыту яны наведалі тры ўнівэрсытэты — гэта быў унівэрсытэт Ілінойсу ў Чыкага, унівэрсытэт штату Агаё й Прынстанскі ўнівэрсытэт”.
Ці ведае спадарыня Арэшка пра чэрвеньскі візыт Міхаіла Мясьніковіча ў ЗША?
(Арэшка: ) “Наколькі я ведаю, ён там ня быў”.
Але маскоўская “Независимая газета” яшчэ 11 чэрвеня апублікавала артыкул “Пасланец Лукашэнкі ў ролі генэрала Вольфа. Менск хоча стварыць у Крамля ілюзію “сэпаратных перамоваў” з ЗША”. У гэтай публікацыі мова ішла пра амэрыканскі візыт спадара Мясьніковіча, які “скончыўся днямі”. Вось як пракамэнтавала гэта спадарыня Арэшка:
(Арэшка: ) “Калі вы арыентуецецся на публікацыю ў “Независимой газете”, дык я б параіла вам усё ж зьвярнуцца да афіцыйнай інфармацыі”.
Сам Міхаіл Мясьніковіч зьехаў у Берасьце, дзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі пройдзе чарговы сэмінар для кіраўнікоў. А кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў цяпер знаходзіцца ў адпачынку. Аднак начальнік галоўнага замежнапалітычнага ўпраўленьня гэтай адміністрацыі Вячаслаў Качанаў наконт візыту спадара Мясьніковіча ў ЗША сказаў:
(Качанаў: ) “Ані пацьвердзіць, ані абвергнуць не магу, таму што ня маю ніякай інфармацыі. Нічога ня ведаю”.
Такім чынам, Лукашэнкава адміністрацыя прынамсі не абвяргае інфармацыю пра тое, што яе былы кіраўнік Міхаіл Мясьніковіч у чэрвені зноў езьдзіў у ЗША. Амэрыканская амбасада ў Менску паабяцала праверыць гэтую інфармацыю і даць свой камэнтар пазьней.