Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД ПРАПАНУЕ АДНАВІЦЬ КРЫМІНАЛЬНУЮ АДКАЗНАСЬЦЬ САМАГОНШЧЫКАЎ


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Што такое самагон для беларусаў? Вось некалькі меркаваньняў. Мэдычка Ніна Кавалёва з Кобрыні:

(Кавалёва: ) “Памятаю, маці распавядала – пасля вайны ішлі праз нашу вёску партызанскія аб’яднаньні Каўпака. Людзі вельмі радаваліся. Мама расказвае: матка яе ўзяла бутэльку самагонкі й пабегла – хоць пляшку падарыць Каўпаку. Ён панюхаў: “А заткнуць чым?” А яна й кажа: “Як жа гэта выскачыла з пляшкай ды не закаркавала?!” Ён узяў травы сухой, заткнуў пляшку, у кішэнь палажыў. Сказаў “дзякуй!” І пайшоў. Так што самагонка – яна і ў радасьці была, і ў бядзе. І заўсёды можна сказаць, што ў хаце нешта ёсьць, калі там ёсьць свая гарэлка”.

Пэнсіянэр Іван Вінакураў са Жлобіна:

(Вінакураў: ) “Самагонка самагонцы — розьніца. Ёсьць самагонка харошая, а ёсьць абы-якая . Добрую самагонку добра піць, а можаш і гадасьці напіцца. Ёсьць людзі, якія з раскошы гоняць, прадаюць, спэкулююць. А ёсьць людзі, якія гоняць, бо няма за што жыць. Каб пражыць, трэба прадаць гэту бутэлечку самагону, яксьці вывернуцца”.

Парушу ўзятую на пачатку размовы сур’ёзную танальнасьць сымбалічным анэкдотам савецкага часу. Размаўляюць двое: “Ты самагонку гоніш?” “Ага”. “А як пасадзяць?” “Тады сын пачне...” “Дык і яго закратуюць!” “Тады ўнук будзе гнаць...” “Што вярзеш: малога ж пасадзяць!” “А да той пары я выйду й прадоўжу!”

Сёньняшняя мараль старога жарту ня проста ў тым, што беларусы гналі, гоняць і будуць гнаць хлебную, цукровую, ягадную ды іншую гарэлку. Зь пераемнасьцю традыцыяў на бацькаўшчыне якраз пачаліся праблемы – шмат хто прамяняў “чысты як сьляза” напой на замежнае бурштынавае віскі.

Або ўзяць мяне. Яшчэ першаклясьнікам мусіў з зайздроснаю рэгулярнасьцю дапамагаць бацьку-лесьніку ў вытворчасьці “сівухі”. Але фанатам ня стаў: неўзьлюбіў ужо працэс гонкі, які чамусьці безупынна супадаў з трансьляцыяй “дынамаўскіх” футбольных матчаў. Больш за тое, гарбачоўска-лігачоўскі безалькагольны ўказ ад 85-га году са страшэннымі пагрозамі ў бок самагоншчыкаў прымусіў падняць руку на “сьвятое” – перапалоханая маці напрамілы Бог ўгаварыла разьбіць апарат, што некалі сам жа дапамагаў рабіць. І вось тут – яшчэ адзін масток да распаведзенага анэкдоту. Маю на ўвазе жорсткую крымінальную адказнасьць самагоншчыкаў: яна зноў можа вярнуцца. Слова начальніку Ўпраўленьня прафілактыкі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Зьмітру Фірага.

(Фірага: ) “Калі раней у нас у Крымінальным кодэксе рэдакцыі 1961 году быў такі артыкул, то зараз ён адсутнічае. Але разам з тым Міністэрства ўнутраных справаў падрыхтавала праект закону ў Крымінальны кодэкс пра крымінальную адказнасьць за збыт самагону”.

Гэткую пазыцыю спадар Фірага тлумачыць тым, што ў выніку лібэралізацыі заканадаўства самагонаварэньне пачало захлістваць краіну і сталася адной з прычынаў сьпіваньня насельніцтва. Калі 20 год таму на ўліку стаяла 30 хранічных алькаголікаў, то зараз амаль упяцёра болей. Летась памерлі праз атручваньне сьпіртным каля 3 тысяч, жыцьцё двухсот чалавек згубілі алькагольныя сурагаты...

Праблема вельмі сур’ёзная. Яна балюча закранула й іншыя постсавецкія краіны. Год таму 40 тысяч расейцаў сталі нябожчыкаміў ад сурагатных напояў. Каб зразумець жахлівасьць лічбы, адзначым: у дарожна-транспартных здарэньнях загінулі 33 тысячы, і столькі ж сталі ахвярамі забойства. Міліцыя лічыць, што гэта адбываецца ў асноўным з-за адмены ня толькі крымінальнай адказнасьці, але й адміністрацыйнай: год таму дума скасавала штрафы нават за продаж самагону. А ў Беларусі яны актыўна практыкуюцца. Гаворыць спадар Фірага.

(Фірага: ) “У нас у Адміністрацыйным кодэксе прадугледжана адказнасьць за выраб і захаваньне самагону. Штрафуюцца ад 3 да 5 мінімальных заробкаў. Набыцьцё самагону, брагі або іншых моцных сьпіртных напояў хатняга вырабу цягне штраф у памеры да двух мінімальных заробкаў”.

Зусім нядаўна Дума разглядала законапраекты, унесеныя Бранскай і Кастрамской абласьцямі. Сярод прапанаваных мераў пакараньня самагоншчыкаў была й наступная: да 10 год зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Ну а штрафы – ад 200 да 500 мінімалак. Прадстаўнік прэзыдэнта спадар Кацянкоў агучыў дэпутатам пазыцыю Пуціна: пры такім падыходзе ў турме апынецца 70 мільёнаў – паўкраіны, таму лепш вырашаць праблему адміністрацыйна. На гэтым размовы ў Думе спыніліся. Ну а што думаюць пра ўсё гэта шараговыя беларусы? Настаўнік зь мястэчка Івянец Іван Вальчэўскі выступае за жорсткія меры да несумленных гандляроў:

(Вальчэўскі: ) “Самі людзі, нават тыя, хто ўжывае, больш за ўсё ненавідзяць менавіта тых, хто прадае. І як правіла, на гэтым горы нажываецца. Купляюць жа небагатыя. Багаты ня пойдзе купляць самагонку тую, ён пойдзе купіць што-небудзь іншае. “Экстру”, ці каньяку, ці добрага віна. У нашым баку яны лічацца ледзь не мярзотнікамі – тыя, хто гандлюе гарэлкай”.

Гэткае стаўленьне да гандляроў самагонам паўсюль. Бо дужа шмат зла разьліваюць яны вакол сябе. Разьбіваюць сем’і, штурхаюць на злачынствы, робяць ворагамі самых блізкіх людзей... Вось горкая споведзь пэнсіянэркі Марыі Майлычкі зь вёскі Ляўкі Старадароскага раёну.

(Майлычка: ) “Сын мяне забівае. Вось як я жыву. Добра п’е. Калі ў яго няма ці не дабудзе дзе якой бутэлькі, то прыйдуць такія ж як ён, ды й давай цуды вытвараць. Купляюць яны ў крамах. Альбо ў людзей, якія гоняць. Некаторыя людзі гоняць знарок, бо ведаюць, што ёсьць тыя, хто “хаўцяць” гэтую гарэлку. Учыняюць, гоняць дый кажуць: хлопцы, у мяне гарэлка! І бягуць туды роем. І паелі б немаведама колькі гэтай гарэлкі”.

Настаўніка Вальчэўскага й пенсіянэрку Малычка дапаўняе чарнобыльскі перасяленец зь вёскі Барталамееўка Веткаўскага раёну.

(Перасяленец: ) “Чалавек дзеля нажывы гатовы ісьці на ўсё. Але ня кожны. Гэта ёсьць асобная катэгорыя гадаў — я лічу, гэта ня людзі, якія іншага заганяюць у магілу, а самі хлеб хочуць есьці. Гэта ня людзі, гэта нелюдзі. Нельга гэтым займацца. Калі прадаеш, рабі якасную!”

Якасную, аднак, робяць далёка ня ўсе і ня ўсюды. Добры знаўца самагонных традыцыяў ураджэнец вёскі Сідаравічы Чачэрскага раёну спадар Васіль распавядае:

(Васіль: ) “Гоняць самагонку любымі спосабамі. Дабаўляюць карбід, дыхляфос, памёт курыны. Палку асінавую, каб дрожджы эканоміць, бяруць і ў фэкаліі настойваюць. Яна пастаяла — і ў бочку. Халтуршчыкі яшчэ кладуць капронавыя накрыўкі для моцы, для ўгару. Абы былі ў ёй градусы і біла ў галаву. Жахліва! Таму лепей самагонку невядомай якасьці ня браць. Невядома, з чаго яна зроблена”.

Гаворачы пра распаўсюд гандлю самаробным сьпіртным, Ніна Кавалёва з Кобрыні робіць акцэнт на татальнай беднасьці вяскоўцаў. Маўляў, менавіта безграшоўе вымушае гнаць сівуху.

(Кавалёва: ) “Свая гарэлка, як казаў зяць маёй мамы, прадукт стратэгічны. Асабліва цяпер, калі вёскі паўпустыя, мужыкоў не хапае. У асноўным дажываюць свой век у паўразваленых хацінках старыя жанчыны… І дзеля таго, каб ці сена скасіць, ці дроваў падвезьці, парубаць тыя ж самыя дровы — ды якую б работу мужчынскую ні зрабіць, усё пляшка трэба. Як будзеш прасіць мужыка, калі ў цябе няма пляшкі? А ёсьць пляшка — ужо можаш размаўляць з чалавекам”.

Як кантраст спадар Вальчэўскі прыводзіць у прыклад заходніх грамадзянаў:

(Вальчэўскі: ) “Ён можа сабе дазволіць выпіць нават і лішняга. Ён ведае, што ягоная сям’я ў дастатку. Значыцца, ад гэтага, апрача ягонай галавы, ніхто не адчуе, што ён выпіў. А калі заўтра падняўся ён, а яму трышчыць галава, а дзецям няма чаго зьесьці, вось тут во трагедыя, вось тут трэба самыя жорсткія меры”.

Але якія — увесьці крымінальную адказнасьць? Пужаць кратамі й разараць штрафамі? Беларускі досьвед барацьбы з крыміналізацыяй грамадзтва даказаў, што можна стаць амаль чэмпіёнам Эўропы па колькасьці зьняволеных, але злачыннасьці ад таго не паменее. Апошнім часам дзяржава паспрабавала шляхам амністыяў разгрузіць перапоўненыя турмы. І дабілася заўважных посьпехаў. Дык навошта зноў наступаць на тыя ж самыя граблі?

А чаму не прыгледзецца да вопыту суседзяў? Пуцін адмовіў у сілавой атацы на самагоншчыкаў і параіў лепш выкарыстоўваць рынкавыя мэханізмы, падымаць эканоміку. Ва Ўкраіне прызналі беспэрспэктыўнасьць кампаніяў па барацьбе з самагонаварэньнем і легалізавалі яго, пэрыядычна праводзячы экспэртызы “народнага элексіру” — без кантролю тут ніяк.

Некалькі месяцаў таму гэта ж паспрабавалі зрабіць і літоўскія парлямэнтары. Аднак сэйм пакуль устрымаўся, хоць у глыбінцы выдатна прыгатаваны самагон падаюць нават у гатэлях, а там, дзе актыўна разьвіваецца вясковы турызм, тое даўно сталася нормай. Што ж тычыцца стаўленьня да такога падыходу беларускіх уладаў, дык палкоўнік Зьміцер Фірага кажа наступнае:

(Фірага: ) “Пытаньне ліцэнзаваньня самагонаварэньня зараз мы ня ставім. Ва ўсе стагодзьдзі гандаль гарэлкай, іншымі сьпіртнымі напоямі быў манаполіяй дзяржавы. Па-другое, павінен захоўвацца тэхналягічны працэс вырабу самагону. А ў прыватных, мясцовых умовах гэта зрабіць немагчыма. Калі мы ўсе пачнем рэалізоўваць самагон, які не прайшоў ніякай праверкі і кожны будзе рыхтаваць па нейкіх сваіх рэцэптах, то, натуральна, гэта вельмі адмоўна адаб’ецца на людзях, якія будуць яго спажываць”.

Аднак дырэктар турыстычнай фірмы “Дудуткі-тур” Валерыя Кліцунова не пагаджаецца з такім падыходам. Зь ейных словаў, гэта ў Расеі здаўна існавала дзяржаўная гарэлачная манаполія, а ў Беларусі кожная шляхецкая сядзіба мела ўласную “броварку”. Ад традыцыяў, запатрабаваных і ўмацаваных сёньняшнімі эканамічнымі ўмовамі, нікуды ня дзецца.

Вось тыповая размова, пачутая намі ў вёсцы Дражна Старадароскага раёну — гэтай Мэкі беларускага самагонаварэньня.

(Васіль: ) “Учора мяне жонка старшыні пачаставала. За тое, што я матыку зрабіў. Дзьве бутэлькі дала. Мы выпілі й пападалі. Крэпкая-крэпкая”.

(Мікалай: ) “Смачная гарэлка. Галава ад яе не баліць”.

(Аляксандар: ) “Нават Лукашэнка, калі прыяжджаў, дык сказаў, што не губляйце, хлопцы, старадароскі аўтарытэт па гэтай справе”.

І што застаецца простым людзям, калі нават непітушчы кіраўнік краіны раіць ім памятаць пра сувязь часоў ды густаў? Ня толькі вяскоўцы — айчынныя і замежныя турысты “на ўра” прымаюць прапанову пачаставацца ў Дудутках арыгінальным самагонам, які вырабляецца тут ці не па адзінай у краіне ліцэнзіі. Колькі гадоў тое цягнецца — і аніводнай рэклямацыі. І людзям добра, і дзяржава падаткі атрымлівае.

Вось чаму адной з альтэрнатываў вяртаньню крымінальнага ціску на самагонаварэньне спадарыня Кліцунова лічыць яго ліцэнзаваньне, увядзеньне адпаведнага дзяржаўнага стандарту. Ва ўмовах рынкавай барацьбы вытворцы вымушаны будуць рабіць стаўку на якасьць свайго прадукту. А чарговая карная кампанія, мяркуе прадпрымальніца, наадварот загоніць самагоншчыкаў у падпольле, ва ўмовах якога пачнуць шырока гандляваць рознай атрутай, небясьпечнай для здароўя.

Поглядаў на праблему шмат. Але збольшага людзі пагаджаюцца з думкай, што вырашаць яе трэба ўсё ж безь вяртаньня да былой практыкі. Вось меркаваньне смалявіцкага пэнсіянэра Мікалая Кавалевіча:

(Кавалевіч: ) “Не адзін жа чалавек — народ да пляшкі цягнецца. І не ад добрага жыцьця. Самагон жа п’юць, бо танна. А шмат яго глушаць, бо дрэнна. Ад безнадзёгі, беспрасьвету. Як падумаю пра заўтра ўнукаў, дык сэрца заходзіцца: нічога наперадзе — ні работы добрай, ні заробку сапраўднага...”

(Карэспандэнт: ) “Але ж зашмат п’юць. Як тое спыніць, спадар Кавалевіч: штрафамі, турмой, або наадварот — уседазволенасьцю? Чым?”

(Кавалевіч: ) “Спытайся што лягчэйшае! Гэта дурнота, пужаць турмой за адзін ці дваццаць літраў. Іншае, як вунь у нас у Смалявічах з падвала выцягнулі ажно 20 тон брагі ды тону самагону. Вось такіх трэба ўжо прыціскаць. Але не выдумляць новыя законы — старых па горла. Імі не карыстаюцца, бо самі міліцыянты з судзьдзямі самагонку тую жлукцяць задарма. Увогуле скажу так: будзе праца, зьявіцца шанец чапляцца ў жыцьці за нешта людзкае, дык будуць радзей за шклянку брацца. А бізуном людзей не запалохаеш, толькі горай стане. Мы ўжо ўсё бачылі-перабачылі...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG