Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯЎРАДАВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСІ ЎТВАРЫЛІ "БЕЛАРУСКІ ДОМ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА"


Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Беларускі дом правоў чалавека" – такую назву атрымаў утвораны 3 чэрвеня добраахвотны саюз недзяржаўных арганізацыяў. Саюз утвораны з удзелам нарвэскага "Фонду Дамоў правоў чалавека" на узор аналягічных арганізацыяў у многіх краінах сьвету. Прыкладам, Дамы правоў чалавека існуюць ў Нарвэгіі, Польшчы, Расеі, Босьніі і нават Кеніі. У іх сумесна дзейнічаюць праваабаронцы ды няўрадавыя арганізацыі самага рознага профілю.

Ці ўдасца ў Беларусі адкрыць Дом правоў чалавека, пакуль заснавальнікамі не камэнтуецца. Наперадзе яшчэ рэгістрацыя самой арганізацыі ў Міністэрстве юстыцыі, пошук плошчаў пад юрыдычны адрас ды іншыя клопаты. Але першы крок ужо зроблены – сёньня прайшоў устаноўчы зьезд, зацьверджаны статут і дамова паміж арганізацыямі, абраная рада. Дамову падпісалі праваабарончыя арганізацыі "Прававая ініцыятыва", Беларуская асацыяцыя журналістаў, Таварыства беларускай мовы ды іншыя няўрадавыя арганізацыі. Сярод іх "Супольнасьць", кіраўнік якой Сяргей Мацкевіч гэтак акрэсьліў неабходнасьць аб'яднаньня:

(Мацкевіч: ) "Мы лічым, што моцнае супрацьдзеяньне грамадзкіх арганізацыяў, плюс падтрымка міжнародных удзельнікаў, плюс друк і воля звычайных людзей дапамогуць няўрадавым арганізацыям захавацца. Безумоўна, існуе нейкі загад зьверху закрыць найбольш моцныя і ўплывовыя арганізацыі, і супрацьстаяць гэтаму магчыма толькі праз саюз".

Нагадаем, сёлета сапраўды адзначаны брутальны наступ уладаў на няўрадавыя арганізацыі, якія выконвалі ролю мясцовых цэнтраў грамадзкай актыўнасьці. Закрытыя былі "Грамадзянскія інацыятывы" ў Гомелі, "Ратуша" ў Горадні, "Варута" ў Баранавічах ды іншыя. На думку заснавальнікаў "Беларускага дома правоў чалавека", гэтае аб'яднаньне дапаможа ня толькі змагацца з наступам уладаў, але і забясьпечыць большую эфэктыўнасьць дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў ў сёньняшніх цяжкіх умовах.

Заснавальнікі заяўляюць, што іх саюз адкрыты для супрацоўніцтва зь іншымі грамадзкімі аб'яднаньнямі краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG