У сваім лісьце на імя міністра замежных справаў Беларусі Фраймут Дувэ напісаў, што ён як прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі часта паўтараў, што не павінна быць нейкай спэцыяльнай абароны для кіраўнікоў дзяржавы, у тым ліку прэзыдэнта. Наадварот, на думку спадара Дувэ, палітыкі, чыноўнікі павінны вучыцца большай талерантнасьці што да крытыкі, улучна з крытыкай з боку сродкаў масавай інфармацыі. І быць больш талерантнымі, чым звычайныя грамадзяне.
Прадстаўнік АБСЭ у пытаньнях свабоды мэдыяў Фраймут Дувэ таксама адзначыў факты, зьвязаныя з газэтамі “Народная Воля”, “Навінкі”, “Вячэрні Столін”, якія атрымалі другое ці трэцяе папярэджаньні ад міністра інфармацыі і таксама могуць быць зачыненыя. Фраймут Дувэ зьвярнуў увагу Сяргея Мартынава і на тое, што ўжываньне цяперашняга закону аб прэсе ў Рэспубліцы Беларусь абмяжоўвае свабоду мэдыяў.
У лісьце на імя беларускага міністра замежных справаў таксама выказваецца заклапочанасьць такім нэгатыўным разьвіцьцём сытуацыі вакол мэдыяў у краіне, якая зьяўляецца сябрам АБСЭ і падпісала дамоўленасьці ў рамках АБСЭ датычна свабоды сродкаў масавай інфармацыі. Фраймут Дувэ чакае ад беларускага боку тэрміновых тлумачэньняў адносна згаданых фактаў.