Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖАМЭЙІ СУГЕНА АЛ АРХАР ВЫСЬВЯТЛЯЕ ЛЁСЫ АХВЯРАЎ РЭЖЫМУ САДАМА ХУСЭЙНА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Арганізацыя вязьняў была заснаваная 14 красавіка, адразу пасьля таго, як кантроль над ірацкай сталіцай перайшоў у рукі вайскоўцаў Злучаных Штатаў. Джамэйі Сугена Ал Архар не зьвязаная ні з палітычнымі партыямі, ні з рэлігійнымі рухамі. Ейная задача – абарона правоў былых зьняволеных, збор інфармацыі пра жорсткасьці рэжыму Хусэйна і паведамленьне крэўным пра лёсы зьніклых.

Якім чынам сакрэтныя дакумэнты трапілі ў рукі былых вязьняў? Гаворыць супрацоўнік арганізацыі Наджаф Ал Араджы:

(Наджаф Ал Араджы: ) “Бальшыня дакумэнтаў – напрыклад, унутранай службы тайнай паліцыі – была схаваная ў гандлёвым цэнтры Ала Мансура. Мы атрымалі інфармацыю, што архіў знаходзіцца там, і ўзялі яго сілай”.

Паводле Араджы, сябры ваенізаваных аддзелаў Садама, так званыя фэдаіны, спрабавалі спаліць паперы, але іх удалося спыніць.

Некаторыя сябры арганізацыі мааюць зброю. Уваход у штаб-кватэру ахоўваюць два маладыя чалавекі з аўтаматамі Калашнікава.

Араджы кажа, што было некалькі спробаў збамбаваць альбо спаліць іхны офіс, і таму арганізацыя гатовая прыняць дапамогу ад кожнага, хто хацеў бы ахоўваць як будынак, так і самі дакумэнты.

Паводле Араджы, над вывучэньнем архіваў працуюць прыблізна 100 чалавек, а самі архівы складаюцца зь мільёнаў тэчак. Тое, што можна цяпер пабачыць у штаб-кватэры – гэта толькі вяршыня айзбэргу, а рэшта захоўваецца ў іншым месцы.

Ёсьць у штаб-кватэры і прылады, якія рэжым Садама ўжываў для катаваньняў.

Удзень і ўвечары ля офісу можна пабачыць жыхароў краіны, якія чакаюць інфармацыі пра зьніклых крэўных. Яны чапляюць на сьцены офісу фотыздымкі ў спадзяваньні, што нехта пазнае іх і нешта паведаміць.

Мухаід Хосьні Абдэль Расул, які ўжо ня першы раз прыйшоў у гэтае месца, усё яшчэ не губляе надзеі на сустрэчу з братам: “Я шукаю майго брата ад часу ягонага зьнікненьня ў 1980 годзе. Мы ня ведаем, што зь ім. Мы ня ведаем за што яго забралі. Мы ня ведаем”.

Фаіза Хадаб Фэхэд Ал Хаснаві таксама шукае брата, які зьнік пасьля вайны ў Затоцы ў 1991 годзе: “Мы нічога ня ведаем. Але мы ведаем, што ён нічога не зрабіў. Ён быў вайскоўцам і зьнік у часе адпачынку”.

Фаіза цьвердзіць, што брат ня быў дэзэрцірам: “Магчыма, ён загінуў разам з тымі, хто браў удзел у паваенным паўстаньні супраць Садама, – кажа яна, – а магчыма, яго забілі ў баі. Мы ня ведаем, і я хаджу сюды празь дзень, але пакуль не атрымала ніякай інфармацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG