Адказваючы на пытаньне карэспандэнта беластоцкага тыднёвіка пра тое, як павінна вылядаць усходняя палітыка Варшавы і асабліва дачыненьні зь Беларусьсю пасьля ўваходу Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз, прэзыдэнт Квасьнеўскі сказаў наступнае (цытаваньне паводле “Нівы”):
(Квасьнеўскі: ) “Па-першае, нельга павярнуцца сьпіной да тых партнэраў на Ўсходзе, якія ня ўвойдуць у Эўразьвяз. Па-другое, гэта мусіць быць палітыка актыўная, прыязная для эканамічнага супрацоўніцтва і кантактаў паміж людзьмі, для гаспадарчай дзейнасьці, культурнага супрацоўніцтва. Павінен быць добра зарганізаваны памежны абмен. Мы хочам быць той краінай у Эўразьвязе, якая робіць сур’ёзныя захады дзеля ўключэньня Ўкраіны, Беларусі і Расеі ў структуры Зьвязу. Вядома, усё гэта пры ўмове, што нашыя захады будуць адплочаныя ўзаемнасьцю, адпаведнай палітыкай з боку нашых партнэраў. Што да Ўкраіны, у нас няма ніякіх сумненьняў, таму што адтуль увесь час ідуць ясныя праэўрапейскія дэклярацыі. А зь Беларусьсю справа больш складаная”.
Аляксандар Квасьнеўскі сказаў таксама, што далучэньне Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу будзе карысным для нацыянальных меншасьцяў, у тым ліку і для беларускай, бо тады Варшава будзе вымушаная выконваць усе патрабаваньні агульнаэўрапейскага заканадаўства ў гэтай справе, прыкладам, забясьпечваць прысутнасьць прадстаўнікоў меншасьцяў у Парлямэнце.