21-гадовы кітайскі грамадзянін, студэнт хімфаку БДУ, у ноч на 8 траўня паступіў у адну з бальніц Менску. Пасьля кароткага абсьледваньня з сымптомамі пнэўманіі ён быў накіраваны ў інфэкцыйную бальніцу па вуліцы Крапоткіна. Намесьнік галоўнага лекара па лячэбнай частцы гэтай бальніцы Віктар Шчэрба распавёў для “Радыё Свабода” пра стан здароўя хворага.
(Шчэрба: ) “Мы яго будзем у сераду ўжо выпісваць. У яго адэнавірусная інфэкцыя. Ён нармальна сабе адчуве, тэмпэратуры няма. Зрабілі мы яму здымак лёгкіх, там нават банальнай пнэўманіі няма. Думалі, што будзе ў яго гаймарыт, — ён, відаць, вельмі алергычны хлопец. Ён нікуды не выяжджаў, да яго ніхто не прыяжджаў, прынамсі, ад лютага ён ні з кім не кантактаваў”.
(Карэспандэнт: ) “То бок на гэты момант у вас у шпіталі гэта адзіны кітаец?”
(Шчэрба: ) “Так. Больш няма. І ніякіх падазроных на САРС у нас таксама няма”.
Тым часам усе дзеці беларускіх дыпляматаў ужо вярнуліся з Кітаю ў Менск, здаўшы свае іспыты ў школе. Першая намесьніца галоўнага санітарнага дзяржаўнага лекара Рэспублікі Беларусь Марыя Мадзік патлумачыла, якія захады сёньня прымае міністэрства аховы здароўя дзеля прадухіленьня САРСу.
(Мадзік: ) “Безумоўна, дзеці, якія вяртаюцца з Кітаю, на працягу 10 дзён — гэта інкубацыйны пэрыяд захворваньня — будуць знаходзіцца пад назіраньнем. Другое — міністэрства рэкамэндавала ўстрымацца ад паездак у Кітай ды іншыя краіны рэгіёну. Рыхтуецца ліст міністэрству адукацыі і паслу КНР у Беларусі, каб кітайскія студэнты, што вучацца ў Беларусі, устрымаліся ад паездкі на Радзіму”.
Асаблівую трывогу зараз выклікае тое, што першыя выпадкі САРСу зафіксаваныя ўжо ў суседзяў Беларусі — Расеі ды Польшчы. Паводле спадарыні Мадзік, на мінулым тыдні прайшлі праверкі ўсіх санітарна-карантынных пунктаў на межах і аўтапераходах. Заўтра пройдзе чарговая нарада прадстаўнікоў шэрагу беларускіх міністэрстваў у гэтай праблеме.
Усе беларускія мэдычныя ўстановы маюць адпаведную інструкцыю Міністэрства аховы здароўя ў пытаньні атыповай пнэўманіі. Вось як апісваюцца ў гэтай інструкцыі прыкметы САРСу — грыпападобныя сымптомы, ліхаманка, а таксама магчымыя кантакты зь людзьмі з Кітаю ды іншых краінаў з рэгіёну захворваньня. Так што многія мэдыкі заяўляюць, што паставіць дыягназ у выпадку зьяўленьня гэтай невядомай пакуль беларусам хваробы будзе надзвычай складана.