Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ “ЭЎРАПЕЙСКАГА РУХУ” ЗЬБІРАЮЦЦА СТВАРЫЦЬ У БЕЛАРУСІ ЎНІВЭРСЫТЭТ ЭЎРОПЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Беларусь пакуль ня ёсьць нават кандыдатам на ўступ у Эўразьвяз. Аднак, у лістападзе, летась, у Менску была створаная грамадзкая арганізацыя “Эўрапейскі рух”, якая ставіць мэтай прапаганду сярод беларусаў эўрапейскіх каштоўнасьцяў і спрыяньне хутчэйшаму далучэньню краіны да Эўразьвязу. Стварэньне беларускага аддзяленьня падтрымалі прадстаўнікі “Эўрапейскага руху” зь іншых краінаў, і генэральны сакратар гэтай арганізацыі Генрык Кронэр, які ў студзені наведаў Менск.

Хаця беларускі “Эўрапейскі рух”, у які ўвайшлі вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы, быў створаны паўгоду таму, гэтая арганізацыя не праяўляла вялікай актыўнасьці. Чаму так адбылося, тлумачыць старшыня руху Міхаіл Марыніч:

(Марыніч: ) “Вялікай такой працы няма, таму што мы чакаем, калі будзе рэгістрацыя гэтага руху. І з гэтага моманту — незалежна ад таго, ці будзе рэгістрацыя ў найбліжэйшы час ці не — рух будзе набіраць сілу”.

Спадар Марыніч спадзяецца, што Міністэрства юстыцыі зарэгіструе арганізацыю яшчэ ў траўні. А да канца году “Эўрапейскі рух” зьбіраецца правесьці ў Беларусі шэраг канфэрэнцыяў, круглых сталоў ды іншых мерапрыемстваў дзеля пашырэньня ідэі эўрапейскай інтэграцыі.

Даволі цікавую ідэю агучыў дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю, намесьнік старшыні “Эўрапейскага руху” Ўладзімер Колас:

(Колас: ) “Адным з важных, на мой погляд, пунктаў праграмы ёсьць плян па стварэньню ўстановы пад умоўнай назвай Унівэрсытэт Эўропы. Установы, у якой на вечаровай, нядзельнай, завочнай форме моладзь і людзі сталага веку маглі б атрымліваць сыстэмную інфармацыю пра тое, што такое Эўразьвяз, як ён працуе і атрымліваць адказы па гэтай тэме”.

Спадары Марыніч і Колас гавораць, што ўлады наўмысна замоўчваюць інфармацыю пра стварэньне ў Беларусі “Эўрапейскага руху”. Між тым, паводле сацыялягічных апытаньняў, пераважная большасьць беларусаў хоча далучэньня сваёй краіны да Эўразьвязу.

Актывісты “Эўрапейскага руху” таксама спадзяюцца, што іх арганізацыя будзе прынятая ў асацыяваныя сябры міжнароднага “Эўрапейскага руху” ўжо ў чэрвені, на канфэрэнцыі гэтай арганізацыі ў Грэцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG