“Ведай свайго ворага”, – галоўнае правiла любой вайны. Войскам ЗША давялося ў свой час заплацiць вялiкую цану за няведаньне падчас вайны ў Вiетнаме. Як пiша амэрыканскi часопiс “Newsweek”, гэтым разам амэрыканскiя сiлы рыхтавалiся да вайны, вывучаючы ня толькi ваенныя, але i псыхалягiчныя асаблiвасьцi iрацкiх войскаў.
Да прыкладу, афiцэры псыхалягiчных апэрацыяў надалi шмат увагi культурным стэрэатыпам. Адзiн зь iх – тое, што маладыя арабы вельмi балюча рэагуюць на абразу сваiх мужчынскiх здольнасьцяў. Таму, калi амэрыканскiя калёны наблiжалiся да Багдаду, на баявых машынах “Хамвi” стаялi чатырохсотватныя калёнкi, i час ад часу адтуль па-арабску гучна казалася, што iрацкiя мужчыны – iмпатэнты.
“Newsweek” пiша, што падразьдзяленьнi фэдаiнаў – нерэгулярных iрацкiх войскаў, якiя змагалася ўпарта, але былi недысцыплiнаваныя i слаба падрыхтаваныя – ня вытрымалi зьнявагi. Шмат хто зь iх адразу выскокваў з акопаў ды пачынаў атаку, патрапляючы пад абстрэл амэрыканскiх танкаў i баявых машынаў “Брэдлi”. Адзiн зь вядучых амэрыканскiх адмыслоўцаў у псыхалягiчных апэрацыях так пракамэнтаваў гэта: “Вельмi часта ў гэтай частцы сьвету тое, што ты кажаш, важней за тое, што ты робiш”.
Традыцыйна амэрыканскiя сiлы намагаюцца перамагчы ворага дзякуючы вялiкай перавазе ва ўзбраеньнях i тэхналёгiях. Спробы перахiтрыць ворага – гэта адносна новы падыход, пiша “Newsweek”. Часопiс цытуе словы аднаго з кiраўнiкоў Пэнтагону – мiнiстэрства абароны ЗША – напярэдаднi вайны: “Мы будзем дурыць iм галовы”.
Акрамя таго, вельмi важнай задачай для войскаў ЗША было пераканаць iрацкае насельнiцтва ў тым, што амэрыканцы прыйшлi не як акупанты, але дзеля таго, каб вызвалiць iракцаў ад рэжыму Садама Хусэйна.
Карэспандэнт Радыё Свабода Рон Сынавiц быў пракамандзiраваны да 3-й пяхотнай дывiзii ЗША i правёў месяц ў Іраку, асьвятляючы вайну. Ён кажа, што ў амэрыканскiх падразьдзяленьнях у Іраку былi створаныя адмысловыя аддзелы ў грамадзянскiх справах, чыя асноўная задача – наладжваць кантакты зь мясовым насельнiцтвам. У такiх аддзелах былi афiцэры з валоданьнем арабскай мовай, у тым лiку i эмiгранты зь Іраку.
Аднак звычайныя войскi, кажа Сынавiц, трымалi цывiльнае насельнiцтва на адлегласьцi, бо iрацкiя вайскоўцы дзейнiчалi пад выглядам мiрных жыхароў. Сынавiц зазначае, што падазронасьць была ўзаемная:
(Сынавiц: ) “Думаю, што не памылюся, калі скажу, што іракцы не давяралі амэрыканскім абяцаньням вызваліць іх ад рэжыму. Яны, асабліва ірацкія шыіты, мелі нэгатыўны досьвед зь мінулай вайны. Тады прэзыдэнт Буш заклікаў ірацкіх вайскоўцаў ды ірацкае насельніцтва паўстаць. 15 лютага 1991 году ён двойчы публічна зрабіў такія заявы ў ЗША. А хуткім часам, калі ірацкія шыіты насамрэч паўсталі, амэрыканцы не прыйшлі ім на дапамогу. Я думаю, што цяпер іракцы чакалі, каб пераканацца, што рэжым Садама сыйшоў. Толькі калі стала відавочна, што рэжым ужо не адродзіцца, што амэрыканскія сілы цалкам кантралююць Багдад, тады крыху зьмяніліся адносіны іракцаў да амэрыканскіх вайскоўцаў. Да таго часу яны заўжды трымаліся на адлегласьці”.
Калi ж кантакты з цывiльным насельнiцтвам адбывалiся, то часам амэрыканцы былi зьдзiўленыя.
(Сынавiц: ) “Адзін чалавек пытаўся амэрыканскіх вайкоўцаў, якія разьмясьціліся непадалёк ад ягонага дому, ці зьбіраюцца яны забраць ягоны дом і выгнаць ягоную сям’ю. Афіцэр у грамадзянскіх справах патлумачыў, што не. Тады гэты іракец запытаўся, ці не дапамогуць яму вярнуць ягоную машыну, бо нейкія ірацкія салдаты скралі яе. Ён запытаўся, ці можа ён пайсьці і забраць яе. Амэрыканцы адказалі: “Не, заставайцеся дома, беражыце сваё жыцьцё і сям’ю. Машына – гэта адносна няважна. Яшчэ йдзе вайна, вакол выбухі. Не выходзьце, калі гэта ня ёсьць абсалютна неабходна”. Тады ён паспрабаваў аддаць салдатам ключы і папрасіў, каб яны вярнулі ягоную машыну. Тыя адказалі: “Мы тут не дзеля таго каб вяртаць машыны, а каб прыбраць Садама Хусэйна”.
Шмат ужо распавядалася пра вiдавочную збройную перавагу войскаў каалiцыi над iрацкiмi сiламi. Пра гэтую перавагу сьведчаць i лiчбы.
Паводле статыстыкi, якую падае амэрыканскi часопiс “Newsweek”, у цяперашняй вайне ўдзельнiчалi больш за 300 тысячаў вайскоўцаў каалiцыi. Больш за 250 тысячаў – амэрыканцы, 45 тысячаў – брытанцы, 2 тысячы – аўстралiйцы, 400 чэхаў i славакаў, а таксама 200 палякаў. Загiнула 109 амэрыканскiх, 31 брытанскi i больш за 2.300 iрацкiх вайскоўцаў. Амаль 6500 мiрных iракцаў былi забiтыя цi параненыя. 7 амэрыканскiх вайскоўцаў трапiлi ў палон, 10 зьнiклi бязь вестак. Самалёты каалiцыi зрабiлi 30 тысячаў баявых вылетаў i скiнулi 20 тысячаў бомбаў i ракетаў.
Рон Сынавiц распавядае, што нават многiм дасьведчаным людзям было цяжка судзiць пра ход цяперашняй вайны – настолькi зьмянiлiся тэхналёгii, i адпаведна зь iмi, стратэгiя ды тактыка баявых дзеяньняў.
(Сынавiц: ) “У гэтай вайне выкарыстоўвалася шмат тэхналёгіяў, якія выглядаюць на шмат сьветлавых гадоў больш сучаснымі, чым падчас мінулай вайны ў Пэрсыдзкай затоцы. Мяне асабліва ўразіў тэрмальна-лязэрны прыбор начнога бачаньня. Ён памерам прыкладна з тэлевізар, яго ставяць на браніраваную машыну “Хамві”. Яго можна паставіць і на іншыя машыны – я таксама бачыў, як адзін зь іх здымалі і ставілі на дах будынку. Праз гэты прыбор можна пабачыць, як чалавек на адлегласьці два кілямэтры міргае ўначы – я сам гэта бачыў. Бачнасьць такая добрая, што можна пабачыць варожыя машыны за 40 кілямэтраў і вызначыць іх месцазнаходжаньне з дакладнасьцю да мэтру. Можна даць каардынаты для авіяўдараў ці для танкавага абстрэлу.
Я быў у перадавым падразьдзяленьні і бачыў, як ужываюць гэты прыбор. Журналісты не на перадавой не маглі гэтага бачыць, таму яны паведамлялі, што амэрыканскія сілы спыненыя. Яны ня бачылі масіраваных авіяўдараў. Тут трэба памятаць, што гэтым разам авіяўдары і наземная вайна пачаліся адначасна. У мінулую вайну спачатку было пяць тыдняў бамбаваньняў, а потым чатыры дні наземнай вайны”.
Аднак нягледзячы на высокiя тэхналёгii, як i на кожнай вайне, шмат што залежала ад трываласьцi вайскоўцаў ды iхнай здольнасьцi пераносiць цяжкасьцi. Ва ўмовах пустынi найбольшымi праблемамi былi пяшчаныя буры i доступ да вады. Нават да пачатку вайны, на базе ў Кувэйце, салдаты 3-й дывiзii, да якой быў прыкамандзiраваны Рон Сынавiц, цягам тыдню ня мелi магчымасьцi мыцца. На шляху да Багдаду ў падразьдзяленьне аднойчы прыехаў мабiльны душ, якiм маглi скарыстацца тыя, хто не лянiўся адстаяць чаргу. Наступную магчымасць патрапiць у душ салдаты атрымалi толькi ў Багдадзе, калi захапiлi базу Ірацкай нацыянальнай гвардыi. Сынавiц кажа, што ў дарозе вельмi дапамагалi вiльготныя сурвэткi, якiмi можна было працерцi твар i ачысьцiць вушы ад пяску.
Галеньне для мужчынаў было абсалютна неабходным, бо iначай адгазьнiк няшчыльна прылягаў бы да твару, а вайскоўцы чакалi, што iрацкiя сiлы могуць ужыць хiмiчную зброю. Таму невялiкую колькасьць вады штодня выдавалi адмыслова для галеньня.
У дарозе прыбiральняў не было, i таму патрэбы даводзiлася спраўляць проста ў пустынi ў адмысловыя трубы. Трубы з калам пасьля спальвалi, таму ў iх забаранялася мачыцца. Тут варта памятаць, што ў амэрыканскiм войску служаць i жанчыны, i прадстаўнiкам абодвух палоў даводзiлася карыстацца тымi самымi прыладамi. Хуткi наступ ствараў дадатковыя праблемы. Распавядае Рон Сынавiц:
(Сынавiц: ) “Ззаду ў баявой машыне “Брэдлі” сядзяць шэсьць салдатаў-пехацінцаў. Месца вельмі мала. Таксама там ёсьць кіроўца, камандзер і наводчык – агулам 9 чалавек. Яны едуць некалькі гадзінаў, не спыняючыся, а ў пустыні трэба піць шмат вады – шэсьць літраў на дзень, часам болей. Часам, калі калёна хутка рухаецца, яна спыняецца на пару хвілінаў, і можна пабачыць доўгі ланцуг танкаў і баявых машынаў, зь якіх выскокваюць салдаты, ведаючы, што яны маюць 30 сэкундаў, каб памачыцца. Часам няма магчымасьці спыніцца і салдаты мочацца проста ў машыне ў плястыкавую бутэльку, седзячы разам. Гэта зусім не такі вобраз вялікага салдата-мача – сядзець сагнуўшыся побач зь пяцьцю іншымі і мачыцца ў плястыкавую бутэльку. Але гэта рэаліі вайны”.
Сынавiц таксама кажа, што салдатам даводзiлася спаць, седзячы ў баявых машынах, якiя ехалi. Часам целы падкiдвала на 20-30 сантымэтраў, але вайскоўцы настолькi прызвычаiлiся, што працягвалi спаць.