Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 ТРАЎНЯ — МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ СВАБОДЫ ДРУКУ


Галіна Абакунчык, Менск

Абмежаваньне волі, звальненьні й нават зьнікненьні вядомых журналістаў, закрыцьцё дзясятку газэтаў — гэта толькі некаторыя прыклады перасьледу ўладамі незалежных журналістаў у Беларусі. Гэты сьпіс можна доўжыць, калі ўлічыць інфармацыйныя рэсурсавыя цэнтры і нават дзяржаўныя мэдыі, якія таксама зьведваюць чыноўніцкі ціск. Усё гэта ёсьць адмысловай палітыкай цяперашніяга кіраўніцтва краіны, — кажа віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “Я гэта ўвязваю з агульнай тэндэнцыяй, якую мы назіраем з 1994 году, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Крок за крокам прававое становішча незалежнай прэсы пагаршаецца. І гэтыя крокі вельмі пасьлядоўныя ў тым кірунку, у якім беларускія ўлады ідуць апошнія 8 гадоў”.

Паводле спадара Бастунца, спадзяваньні на лепшую будучыню недзяржаўнай прэсы ў Беларусі можна ўскладваць, хіба, на актыўнасьць і прафэсіяналізм саміх незалежных журналістаў, якія не перастаюць супрацьстаяць перасьледу. Да прыкладу, нядаўні рэдактар прафсаюзнай газэты “Беларускі час” Аляксандар Старыкевіч, звольнены з пасады новым кіраўніком Фэдэрацыі Леанідам Козікам, распачаў выдаваць новую газэту “Салідарнасьць”. Беларускі незалежны друк мае будучыню, — не сумняецца спадар Старыкевіч.

(Старыкевіч: ) “Калі незалежная прэса выжывае ў гэтых умовах, то празь нейкі час, калі ўвесь гэты тлум адыдзе, беларуская незалежная прэса атрымае магчымасьць і значна падвысіць свой узровень і па накладах, і па якасьці, і шмат па чым яшчэ”.

Тым ня менш, на гэтым шляху незалежныя мэдыі чакаюць яшчэ многія выпрабаваньні, — кажа Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “На прававым полі такі пагрозьлівы фактар: перарэгістрацыя тэлерадыёкампаніяў і новая рэдакцыя Закону аб друку й іншых СМІ. Апошнім часам праца над гэтым дакумэнтам праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Але ў тым выглядзе, якім мы бачылі, гэты законапраект меў шмат нормаў, якія змогуць зрабіць жыцьцё незалежных выданьняў яшчэ больш цяжкім”.

Патрабаваньне Лукашэнкі ўзмацніць дзяржаўную ідэалёгію спадар Бастунец называе ўвогуле неканстутыцыйным. Нагадаю, што ўсё гэта адбываецца на тле рэзалюцыі адымысловай Камісіі правоў чалавека ААН, якая запатрабавала ад уладаў Беларусі вызваліць усіх палітзьняволеных і спыніць перасьлед палітычных апанэнтаў, у тым ліку журналістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG