Амэрыканская газэта "The Christian Science Monitor" піша, што ў Іраку зараз адбываюцца адразу дзьве рэвалюцыі ў кіраваньні. Па-першае, прадстаўнічая дэмакратыя заменіць аўтакратычны рэжым. Але па-другое, і магчыма, гэта больш істотна, здаецца, падыходзіць да канцу доўгая гісторыя панаваньня ў Іраку сунітаў, якія зьяўляюцца меншасьцю. Газэта адзначае, што на Блізкім Усходзе вось ужо стагодзьдзе палітыка вызначаецца шмат у чым праз спаборніцтва паміж сунітамі і шыітамі. Ірацкія шыіты складаюць больш за 60% насельнітва, але яны заўсёды прыціскаліся больш сьвецкімі сунітамі, якіх у краіне ўсяго 20%. Калі новы Ірак здолее балянсаваць паміж гэтымі галоўнымі ў рэгіёне плынямі мусульманства, так, як гэта спрабуе рабіць Турэччына, – гэта будзе лепш для ўсяго Блізкага Ўсходу, – адзначае выданьне.
Брытанская "Daily Telegraph" абмяркоўвае ролю журналістаў ў баявой сытуацыі. У нядзелю карэспандэнт CNN Брэнт Садлер пранік у Тыкрыт раней за амэрыканскія войскі і патрапіў пад агонь ірацкіх сілаў. Узброеныя ахоўнікі, што суправаджалі каманду журналістаў, адкрылі агонь у адказ па ірацкіх пазыцыях. "Daily Telegraph" адзначае, што Брэнт Садлер дзейнічаў у вельмі небясьпечным рэчышчы. Журналісты на павінны ўступаць у сутыкненьні з ворагам. Але зь іншага боку, яны не мусяць быць цэлямі. Гэта ўсталяванае і важнае правіла вядзеньня вайны. Аднак калі парушаецца адна ягоная частка, гэта апраўдвае і парушэньне іншай. У любым выпадку, адзначае газэта, СNN зрабіла жыцьцё больш складаным для ўсіх ваенных карэспандэнтаў.
У савудаўскай газэце “Аl-Watan” аўтар у артыкуле “Гвалтоўная радасьць іракцаў” піша: “нічога дзіўнага ў тым, што весялосьць іракцаў спалучаецца з марадзёрствам ды іншымі гвалтоўнымі дзеяньнямі. Бо гэтая радасьць пазбаўленьня рэжыму, які прыціскаў іх столькі гадоў і ўцягнуў народ у войны, канфлікты і галечу. Рэжым ператварыў іракцаў з грамадзянаў багатай краіны, якая мела ўплывовую ролю ў рэгіёне, у грамадзянаў дзяржавы, якая страціла сваю ролю і павялічвала толькі свае даўгі. Большасьць іракцаў пакутуюць ад галечы, нястачаў, недахопу ежы ды іншых прадуктаў першага прызначэньня. Рэжым Садама Хусэйна быў брутальна гвалтоўны, таму сваю радасьць ад пазбаўленьня гэтага рэжыму іракцы выказваюць таксама гвалтоўным чынам”, – піша савудаўская газэта “Аl-Watan”.
Ярданская газэта “Al-Dustur” сьцьвярджае, што бальшыня ірацкага кіраўніцтва была забітая падчас авіяатакі на Ан-Мансур, раён Багдаду. Паводле газэты, інармаваныя крыніцы сьцьвярджаюць, што авіяналёт быў добра падрыхтаваным плянам амэрыканскіх спэцслужбаў. Дзеяньні авіяцыі саюзьнікаў каардынаваліся двума ірацкімі вышэйшымі камандзірамі ў Рэспубліканскай гвардыі. Яны дакладна паведамілі амэрыканцам, дзе і калі сустрэнуцца Садам Хусэйн, ягоныя сыны ды іншыя прадстаўнікі ірацкага кіраўніцтва.