Галоўным аргумэнтам пры гэтым названыя “бардак і безгаспадарнасьць”, якія, паводле Аляксандра Лукашэнкі, сталі адметнай рысай “Раўбічаў”. Да таго ж, сам Хандогін зьвінавачаны ў адсутнасьці ініцыятывы і здольнасьцяў да прыцягненьня зьнешніх інвэстыцыяў.
Аляксандар Хандогін для Радыё Свабода так патлумачыў падобныя захады:
(Хандогін: ) “Натуральна, кожны хоча, каб камунізм у асобна ўзятых “Раўбічах” быў пабудаваны адразу; каб ўсё было тут — і для тых, хто адпачывае, і для спартоўцаў. Але іншае пытаньне: адкуль грошы на такое разьвіцьцё? Мы прапрацоўвалі розныя варыянты прыцягненьня інвэстараў, імкнуліся пашыраць свае паслугі. Але і інвэстарам трэба стварыць адпаведныя ўмовы, якія былі б для іх прывабныя.
Некалькі гадоў мы працавалі над стварэньнем свабоднай эканамічнай зоны турыстычнай скіраванасьці — пакуль безвынікова. Але як бы там ні было, да гэтага трэба абавязкова выходзіць, паколькі мы існуем ва ўмовах раўніны, а дзеля трэніровак езьдзім кудысьці ў аўстрыйскія Альпы, і немалыя грошы там трацім”.