Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАРШАВЕ АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ “БЕЛАРУСЬ І ПАМЕЖЖЫ – ДАСЬЛЕДАВАНЬНІ МОВЫ І ГРАМАДЗТВА”

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Эльжбэта Смулкова была першым амбасадарам-жанчынай у Беларусі і першым амбасадарам, які свабодна размаўляў па-беларуску. Таму пра спадарыню Смулкову гавораць, што яна распачала новую эру ў гісторыі замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў у Менску.

Па сканчэньні кадэнцыі ў 1995 годзе прафэсар Эльжбэта Смулкова вярнулася да навуковай і выкладчыцкай працы ў Варшаўскім і Беластоцкім унівэрсытэтах па сваёй асноўнай спэцыяльнасьці – мовазнаўства і славістыка.

Кніга “Беларусь і памежжы – дасьледаваньні мовы і грамадзтва”, у якой зьмешчаная частка плёну дзесяцігодзьдзяў навуковай працы Эльжбэты Смулковай, аднак, даводзіць, што нават пасьля сканчэньня дыпляматычнай працы яна не перастала цікавіцца сытуацыяй у суседняй краіне. Апроч уласна мовазнаўчых артыкулаў, кніга ўтрымлівае шэраг матэрыялаў, прысьвечаных польска-беларускім дачыненьням, праблемам самасьвядомасьці беларусаў, а таксама некаторым выбітным беларусам сучаснасьці, напрыклад, Генадзю Карпенку.

Шмат увагі ў кнізе нададзена дасьледаваньням моўнага і культурнага фэномэну памежных рэгіёнаў Польшчы, Беларусі, Літвы. У гэтым сэнсе цікавай падаецца праца, прысьвечаная беларусізмам у мове вялікага паэта Адама Міцкевіча.

(Смулкова: ) “Есьць вялікая розьніца паміж мовай, якой наштодзень карыстаўся Міцкевіч, і той прыгожай літаратурнай польскай мовай, якой ён пісаў свае творы. Калі зьвярнуць увагу на прыватныя лісты Міцкевіча да сяброў, дык у іх аж раіцца ад беларусізмаў. Гэта сьведчыць аб тым, што Міцкевіч хаця і быў, несумненна, польскім паэтам, выгадаваўся ў беларускай культуры і добра ведаў беларускую мову. Даўно вядома, што ў сваім асяродку філяматы карысталіся беларускай мовай, і гэта добра відаць менавіта ў лістах, дзе шмат беларускіх прымавак, песьняў. Цікава, што калі Міцкевіч пасьля доўгай адсутнасьці вяртаўся дахаты, сябры віталі яго беларускай песьняй “Едзе міленькі Адам”.

На прэзэнтацыі прысутнічаў і амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка, які сказаў, што для Беларусі вельмі важна тое, што у суседніх краінах вывучаюць яе культуру, а таксама што беларуска-польскае памежжа, якое найбольш цікавіць прафэсара Смулкову, зьяўляецца нашым агульным багацьцем. Спадар амбасадар, аднак, не ўстрымаўся і ад палітычных камэнтароў, узгадаўшы зусім іншае памежжа:

(Латушка: ) “Фактар Расеі заўсёды быў і будзе вызначальным фактарам для Беларусі. Але для нас таксама важна, каб наш заходні сусед – Польшча – не паварочваўся да нас сьпіной, а стаў хаця б бокам, левым ці правым, гэта ўжо ўнутраная справа Польшчы”.

Зь віншавальным словам у часе прэзэнтацыі выступіў таскама старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

У 1995 годзе, разьвітваючыся зь Беларусьсю, Эльжбэта Смулкова пажадала беларусам выкарыстаць шанец для ўмацаваньня сваёй дзяржаўнасьці, разьвіцьця культуры, а таксама эканамічных рэформаў і рэформаў самаўрадавай стістэмы. Некаторыя з гэтых пажаданьняў, паводле спн. Смулковай, дагэтуль застаюцца актуальнымі.
XS
SM
MD
LG