Чыноўнікі абласной управы юстыцыі, падатковай інспэкцыі, апэратары дзяржаўнага тэлерадыёаб’яднаньня, а таксама іншыя невядомыя людзі ўварваліся ў прыватны дом Віктара Карніенкі на вуліцы Палескай, калі там знаходзіўся амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Майкл Козак.
Ня маючы законных падставаў, чыноўнікі груба парушалі недатыкальнасць жытла, гарантаваную беларускай Канстытуцыяй.
Спадар Карніенка падаў адмысловую заяву пракурору Чыгуначнага раёну Гомелю Леаніду Лашкіну з просьбай распачаць крымінальную справу супраць нахабства чыноўнікаў. Згадваліся канкрэтныя прозьвішчы, іншыя нават былі сфатаграфаваныя.
Тым ня менш, пракуратура адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу і наагул ніяк не адрэагавала на дзеяньні чыноўнікаў.
Віктар Карніенка зьвярнуўся са скаргай у суд. Аднак і судзьдзя Аляксандар Хоміч, які разгледзеў скаргу, таксама адхіліў усё прэтэнзіі Карніенкі да чыноўнікаў. Радыё Свабода судзьдзя заявіў, што ня бачыць складу злачынства ва ўчынках службовых асобаў.
Іншае меркаваньне мае юрыст Леанід Судаленка, які прадстаўляў інтарэсы Віктара Карніенкі ў судзе.
(Судаленка: ) “Сёньняшняе разьбіральніцтва ў судзе паказала, што норма Канстытуцыі пра недатыкальнасьць жыльля ня дзейнічае. Судзьдзя Хоміч адмовіўся абавязаць пракуратуру прынцыпова разабрацца, чаму чыноўнікі беспадстаўна ўварваліся ў жыльлё Карніенкі. Як было сказана ў пастанове судзьдзі, чыноўнікі пакінулі прыватны дом Карніенкі пасьля ягонага патрабаваньня. Таму, маўляў, няма складу крымінальнага злачынства. Па прынцыпу: уварваліся, але ж ня білі, ня зьдзекаваліся. Аднак артыкул 202 Крымінальнага кодэксу ўстанаўлівае адказнасьць за сам факт уварваньня, а не за тое, што яны пагадзіліся пакінуць памяшканьне”.