(Дзянісаў: ) “Справа ў тым, што комплекс Курапаты быў унесены ў новы дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь пад нумарам 1. І дарэчы, гэты аб’ект мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці катэгорыі 1, як аб’ект міжнароднага значэньня. У першую чаргу, тут былі парушаныя ўсе магчымыя нарматыўныя дакумэнты, у першую чаргу заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У прыватнасьці, паводле нашага заканадаўства, забароненая распрацоўка праектаў рэканструкцыі гарадоў і іншых населеных месцаў без уліку ахоўных зонаў гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
Трэба зараз падзякаваць пракуратуры Менскай вобласьці, якая правяла расьследаваньне па дадзенаму праекту рашэньня і прыняла афіцыйны дакумэнт. Я хачу проста працытаваць гэты адказ, які быў надрукаваны ў газэце “Звязда”: “Пракурорам Менскай вобласьці 13 сакавіка 2003 году генэральнаму дырэктару ТДА “Вігэўрабуд” Асіповічу вынесенае прадпісаньне, у якім выкладзенае патрабаваньне поўнасьцю спыніць любыя будаўнічыя работы на тэрыторыі, што прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасьці, месца ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-40 гадоў Курапаты да распрацоўкі ахоўных зон. ...Прадпісаньне згодна з законам падлягае неадкладнаму выкананьню незалежна ад яго магчымага абскарджаньня ў любой інстанцыі”. Гэты дакумэнт быў падпісаны пракурорам Менскай вобласьці, дзяржаўным саветнікам юстыцыі 3 рангу Сьнягіром.
Навукова абгрунтаваны праект ахоўных зонаў Курапатаў ужо быў распрацаваны вядучымі спэцыялістамі нашай рэспублікі, Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытутам, і ў адпаведнасьці з законам ужо быў перададзены ў Міністэрства культуры для зацьвярджэньня. Але чыноўнікі Міністэрства культуры, у першую чаргу кіраўніцтва дэпартамэнту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, вось ужо некалькі месяцаў адмаўляюцца нават разглядаць гэты праект, перасылаючы яго ў розныя інстанцыі. Хаця паводле закону зацьвярджаюцца ахоўныя зоны менавіта Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Вось зараз уся маральная адказнасьць за зьнішчэньне гэтага помніка і юрыдычная, калі гэта адбудзецца, ляжыць менавіта на кіраўніцтве дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь”.