Паводле зьвестак МЗС, летась беларускі экспарт у Ірак склаў 32 мільёны даляраў за год, а толькі за студзень 2003 году – 8 мільёнаў. Штотыднёвік "Белорусская газета" у апошнім нумары піша, што "з прычыны вайны ў Іраку Беларусь будзе мець толькі сёлета наўпроставыя страты на суму прыкладна 100 мільёнаў даляраў". Калі ж улічыць ускосныя страты ад спэкуляцыйнага падвышэньня цэнаў на нафту, дык "Беларусь губляе ад вайны ў Пэрсыдзкай затоцы да 500 мільёнаў даляраў".
Я папрасіў пракамэнтаваць гэтыя зьвесткі пра патэнцыйны ўрон беларускім інтарэсам былога сустаршыню беларуска-ірацкай міжурадавай камісіі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Леаніда Козіка.
(Козік: ) “Які ўрон? Я лічу, што нашая дзяржава ад гэтага не памрэ. Але, вядома, мы плянавалі там прадаваць яшчэ больш. І калі б эмбарга там было скасаванае, мы маглі б туды й на 200 мільёнаў даляраў прадаваць для пачатку. Вядома, нам шкада страчаных рынкаў. Я ўпэўнены, што ніхто больш нас туды ня пусьціць – калі пераможа гэтая кааліцыя”.