Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ВЕЦЕР ДЗЬМЕ З ХУТКАСЬЦЮ 50 КМ/Г І ЎЗДЫМАЕ ХМАРЫ ПЫЛУ, ЗА ЯКІМ У ПОЎДЗЕНЬ НЯ БАЧНА СОНЦА”


Рон Сынавіц, Ірак

Сёньня амэрыканскія сілы наступаюць на ірацкі горад Ас-Самавах, спрабуючы выціснуць адтуль аддзелы садамаўскіх фэдаінаў і ўзброеных сябраў кіроўнай партыі Баас. Наземная атака на горад адбываецца ва ўмовах пясчанай буры. Бачнасьць абмежаваная да 10 мэтраў. Фэдаіны (змагары за веру) – гэта спэцыяльныя нефармальныя ўзброеныя групоўкі, якімі камандуе сын Хусэйна – Кусай. Паводле разьведвальных зьвестак, разам зь сябрамі Баас з Багдаду гэтыя сілы налічваюць каля паўтары тысячы чалавек. У мінулым верныя Садаму фэдаіны былі ўжытыя для брутальнага здушэньня бунтаў шыіцкай большасьці ў Ас-Самавах.

Афіцэры ЗША недалёка ад гораду паведамілі нашаму Радыё, што яны хочуць стварыць умовы, якія падахвоцяць жыхароў гораду паўстаць супраць рэжыму Хусэйна. Аднак пакуль амэрыканскія афіцэры лічаць, што насельніцтва гораду ня ў стане ўсчаць бунт з прычыны вялікай колькасьці фэдаінаў у горадзе. Дагэтуль амэрыканскім сілам не ўдалося пранікнуць у цэнтар гораду, дзе, як сказалі ў часе допытаў ірацкія ваеннапалонныя, у будынку школы разьмясьцілася камандаваньне фэдаінаў. Тымчасам, паводле амэрыканскай стратэгіі, школы, мячэты і шпіталі разглядаюцца як “ зоны бясьпекі”, пакуль у іх, ці каля іх, няма ірацкіх войскаў або зброі.

Сёньня экстрэмальнае надвор’е. Вецер дзьме з хуткасьцю 50 кілямэтраў на гадзіну і ўздымае цэлыя хмары пылу, за якім у поўдзень ня бачна сонца. Гэта ўскладняе лучнасьць, не дазваляе ўжыць гелікоптэры “Апачы” і аслабляе эфэктыўнасьць абстрэлу ірацкіх пазыцыяў зь цяжкой артылерыі.

Ірацкія сілы абстралялі пазыцыі вайскоўцаў ЗША зь мінамётаў, і з прычыны пясчанай буры цяжка было ўстанавіць, адкуль вядзецца агонь. Мінулай ночы, калі надвор’е было яшчэ больш спрыяльным, амэрыканскія гаўбіцы нанесьлі сэрыю ўдараў па ірацкіх пазыцыях вакол гораду.

Ас-Самавах знаходзіцца на захад ад ракі Эўфрат. Горад ляжыць у стратэгічным калідоры, які зь мінулай суботы амэрыканскія сілы ўжываюць для транзыту вайскоўцаў і тэхнікі ў напрамку Багдаду.

Часткі 3-й дывізіі пяхоты знаходзяцца зараз на падыходзе да гораду Карбала, 80 кілямэтраў на поўдзень ад Багдаду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG