Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІКАЎ АКЦЫІ ДА ДНЯ ВОЛІ АРЫШТАВАЛІ Й АШТРАФАВАЛІ

Любоў Лунёва, Менск

Затрыманых удзельнікаў акцыі судзілі тры адміністрацыйныя судзьдзі — Зьміцер Жданок, Алена Церашкова і Аляксандар Шылько. Людзей, якія прыйшлі падтрымаць затрыманых, міліцыянты ў будынак не пусьцілі. Журналістаў міліцыянты таксама трымалі на ганку, спасылаючыся на загад свайго кіраўніцтва.

Толькі пасьля таго, як у канфлікт умяшаўся старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала, журналістам дазволілі прысутнічаць на паседжаньнях. Назіральнікі зазначалі, што судзьдзі не зьвярталі ўвагі на супярэчлівыя паказаньні міліцыянтаў-амонаўцаў і неадпаведнасьць іх рапартаў зь відэаматэрыялам.

Заяўнікі акцыі Валянцін Баранаў і Вячаслаў Сіўчык пакараныя арыштам на 15 сутак. Вячаслаў Сіўчык патрабаваў, каб яму далі час заключыць пагадненьне з адвакатам і вярнулі акуляры, бо ён ня можа нават паставіць свой подпіс пад прысудам. Судзьдзя Аляксандар Шылько дазволіў толькі вярнуць акуляры.

(Сіўчык: ) “Дзякуй богу, што судзьдзя не пабаяўся паказаць, што тут адбываецца поўная фармальнасьць. Даўным-даўно судзьдзі не адважваліся судзіць людзей без адвакатаў. Гэта ўпершыню. Натуральна, гэта грубае парушэньне. Ёсьць адпаведнае распараджэньне Вярхоўнага суду. Я думаю, што прыйдзе час, калі за гэта трэба будзе адказваць”.

Паўла Знаўца, якога затрымалі яшчэ да пачатку акцыі, пакаралі арыштам на 10 сутак. Лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца таксама затрымалі прэвэнтыўна, але, нягледзячы на гэта, судзьдзя арыштаваў яго на 10 сутак. Яшчэ два маладафронтаўцы, Зьміцер Філіповіч і Алег Мядзьведзеў, правядуць у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку 15 і 10 сутак адпаведна. (Літаральна месяц таму гэтыя хлопцы адбывалі пакараньне за акцыю на Дзень сьвятога Валянціна.)

Валянціна Малышку асудзілі да 5 сутак арышту, Мікалая Мяцельскага — на 3, Уладзімера Юхо — на 7, а Дзяніса Дашкевіча — на 3 сутак. 18-гадовы Дзяніс Дашкевіч, студэнт Гомельскага каледжу мастацтваў, так пракамэнтаваў свой прысуд Радыё Свабода:

(Дашкевіч: ) “Гэта вельмі кепска, бо ў мяне заняткі. У мяне конкурс у каледжы. Я рыхтуюся да міжнароднага конкурсу. Ён будзе праз тыдзень. Ня ведаю, што рабіць. Вельмі цяжка будзе ўсё вывучыць”.

6 чалавек атрымалі папярэджаньні, а астатніх затрыманых пакаралі штрафамі ад 270 тысяч да 400 тысяч рублёў. Сярод аштрафаваных Аксана Новікава, Канстанцін Міронаў, Сяргей Папкоў, Лявон Дзейка і сьвятар праваслаўнай царквы Аляксандар Шрамко. Ён паведаміў Радыё Свабода пасьля абвяшчэньня прысуду:

(Шрамко: ) “Я думаю, што ў гэтым вінаватыя ня столькі тыя, хто нас затрымліваў, колькі законы, якія існуюць у нашай краіне. Як сьвятар, я лічу, што чалавек створаны свабодным, таму ён павінен выкарыстоўваць сваё права. Чалавек — гэта творца. Ён творыць — у тым ліку, і грамадзтва. Усялякая дыктарура не хрысьціянская зьява. Калі робяцца спасылкі на хрысьціянства, то гэта папросту спэкуляцыя. Прэзыдэнт Лукашэнка любіць цытаваць 13-ю частку “Пасланьня да рымлянаў”, дзе нібыта ўсе павінны быць пакорлівыя ўладам. Але ён забываецца пры гэтым, што далей там сказана: “Аддай кожнаму належнае, каму абавязак — таму абавязак, каму гонар — таму гонар”.

Такім чынам, 10 чалавек правядуць першую ноч арышту ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна, дзе ўтрымліваюць Людмілу Гразнову, Андрэя Саньнікава, Зьмітра Бандарэнку і Леаніда Малахава.
XS
SM
MD
LG