Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ СТО ГАДОЎ З ДНЯ НАРОДЗІНАЎ ПАЭТА ТОДАРА КЛЯШТОРНАГА


Ганна Соусь, Менск

Сёньня дачка паэта Мая Кляшторная разам зь беларускімі літаратарамі Анатолем Вярцінскім, Навумам Гальпяровічам і Віктарам Корбанам паехалі на радзіму паэта. У Камені, што ў некалькі кілямэтрах ад Парэчча ў Лепельскім раёне, дзе нарадзіўся паэт, у мясцовай бібліятэцы адкрываецца музэй Тодара Кляшторнага.

Да сотых угодкаў паэта ягоны зямляк паэт Анатоль Вярцінскі напісаў эсэ. Прывяду наступныя радкі: “Як ні сумна ўсьведамляць і згадваць, але яго імя асацыюецца для мяне перш за ўсё з Курапатамі... Не! Дакладней будзе сказаць, што Курапаты для мяне неяк асабліва адчувальна ўспрымаюцца менавіта празь яго імя, празь яго вобраз, яго лёс…” — піша Анатоль Вярцінскі.

Тодара Кляшторнага расстралялі карнікі НКВД 30 кастрычніка 1937 году. Цела паэта знайшло вечны супакой ці то ў менскім парку Чалюскінцаў, ці то ў Курапатах.

У кватэры Маі Кляшторнай вісіць вялікі партрэт бацькі, намаляваны мастаком Віктарам Маркаўцом. Упершыню бацькавыя вершы Мая Кляшторная прачытала толькі ў 1956 годзе, калі разам з маці вярнулася зь Сібіры пасьля 18 гадоў пакутаў у ГУЛАГу. У бібліятэцы ім далі зборнік “Кляновыя завеі”, але тады, узгадвае Мая Кляшторная, яна яшчэ не магла чытаць па-беларуску.

(Кляшторная: ) “Я сядзела й старанна ўсё выпісвала на кавалачак аркушу. І зараз у мяне нешта захавалася з таго часу, як я дробненькім почыркам перапісвала, баялася — памылак каб не нарабіць. Зараз калі я перачытваю, то кожны радок для мяне — гэта такая паэзія... І Пушкіна ведала, і Шаўчэнку, але калі чытаю бацькавыя вершы, то нешта такое таемнае, сваё, такое шчымлівае”.

Але праз усё на мяне бацька глядзіць пустымі вачніцамі з Курапатаў, — гаворыць Мая Кляшторная.

У гэтыя дні выдадзены сыгнальны экзэмпляр паэтычнага зборніка Тодара Кляшторнага. Паводле складальніка і аўтара прадмовы — старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча — зараз адзначае юбілей цэлая “залатая эпоха” ў беларускай паэзіі, якую ўвасаблялі сябры літаратурнага згуртаваньня “Ўзвышша”. І на гэтым тле значнай бачыцца асоба Тодара Кляшторнага.

(Пашкевіч: ) “Кляшторны мне ўяўляецца ў кантэксьце нашай паэзіі першай паловы XX стагодзьдзя самотным вернікам паэзіі. Ён выявіўся найперш як паэт авангарднага мысленьня, як імажыніст. У яго вершах непаўторныя перажываньні... Аднак такія пачуцьці, настроі, іх увасабленьні ня лашчылі вуха бальшавіцкім ідэолягам.

Творы Кляшторнага не перавыдаваліся доўгія гады, і калі паўстала пытаньне сьвяткаваньня юбілею стагодзьдзя, і Саюз беларускіх пісьменьнікаў, і Беларускі літаратурны фонд вырашылі сплаціць доўг паэту красы й да ягонага юбілею выдаць зборнік выбранага. Якраз з тых вершаў, якія не перадрукоўваліся, і якія могуць і цяпер складаць залаты запас у нацыянальнай паэзіі”, — сказаў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.

Многія вершы Тодара Кляшторнага былі сапраўды прароцкія, як прыкладам гэтыя:

У незапамятных аддалях
На непадлічаных касьцях
Мы чалавецтву паказалі
І першы крок, і першы шлях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG