Супрацоўнікі камітэту дзяржаўнага кантролю праверылі тэхнічнае абсталяваньне недзяржаўнага тэлеканалу “Магілёў-2” на прадмет дзяржаўнае гігіенічнае рэгістрацыі і выявілі адсутнасьць неабходнай дакумэнтацыі. Уся тэхніка – а гэта 111 адзінак – была ў кароткі тэрмін арыштаваная і справа перададзеная ў суд.
Яшчэ да пачатку судовага працэсу тэлестудыя атрымала ўсе неабходныя гігіенічныя пасьведчаньні, але суд цікавілі толькі тыя дакумэнты, якія меліся на момэнт праверкі. У выніку ўзгадненьняў у сьпісе тэхнікі, якая не прайшла гігіенічную рэгістрацыю, засталося 28 адзінак, якія суд вырашыў канфіскаваць у даход дзяржавы. Гэта перш за ўсё новая тэхніка, набытая тэлестудыяй у апошнія гады.
Прадстаўнікі управы дэпартамэнту фінансавых расьсьледваньняў у судзе забаранілі журналістам здымаць іх на камэру і запісываць іхныя галасы на той падставе, што ўсе яны – апэратыўныя супрацоўнікі. Пазыцыя іх была цьвёрдая – закон парушаны, тэхніку забірае дзяржава.
Судьдзя Любоў Каралёва ў паседжаньні заявіла, што дэпартамэнт фінансавых расьсьледваньняў усё ж пайшоў на саступкі і пакінуў некаторую тэхніку, каб тэлестудыя ўвогуле не зачынілася. Дырэктар каналу “Магілёў-2” Аляксандар Астапаў пасьля суду сказаў, што мяркуе потым выкупіць у дзяржавы канфіскаванае абсталяваньне.
(Астапаў: ) “Канешне, гэта адштурхне нас на паўгоду назад, але тым ня менш мы будзем працаваць”.
Кіраўніцтва тэлеканалу і ягоныя адвакаты паведамілі ў судзе, што ў дзяржаўным гігіенічным рэгістры ўвогуле няма прафэсійнай тэлевізійнай тэхнікі, што дае ім падставу меркаваць, што ўсе айчынныя тэлеканалы і студыі працуюць без гігіенічнай рэгістрацыі свайго абсталяваньня.
Поводле інфармацыі галоўнага рэдактара тэлеканалу “Магілёў-2” Алены Барысавай, праверкі тэхнікі прайшлі ва ўсіх недзяржаўных студыях Беларусі, аднак кантралёры звычайна абмяжоўваліся заўвагамі і прадстаўленьнем тэрміну для афармленьня прадпісаных законам дакумэнтаў, і толькі ў Магілёве справа дайшла да суду. Алена Барысава разважае, адкуль такая ўвага да студыі “Магілёў-2”.
(Барысава: ) “Цяжка вызначыць – адкуль. Але можна так сказаць, што гэта – каб скасаваць, ліквідаваць канкурэнта. Таму што іншага тлумачэньня проста немагчыма знайсьці ў гэтай сытуацыі”.
Недзяржаўны тэлеканал “Магілёў-2” працуе ў абласным цэнтры дзявяты год і канкуруе зь дзяржаўным тэлерадыёаб’яднаньнем. Паводле спасылак рэдактараў “Магілёў-2” на некаторыя сацыялягічныя дасьледваньні й выказваньні кіраўніцтва рэгіёну, магілёўскі глядач часта аддае перавагу праграмам менавіта недзяржаўнай студыі. І цяпер кіраўніцтва 2-га тэлеканалу ставіць сабе за мэту нават ва ўмовах абмежаваных тэхнічных магчымасьцяў захаваць свой рэйтынг.