Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ВЫБАРЧЫЯ МАНДАТЫ СКАРАЧАЕЦЦА ШТОДНЯ


Уладзімер Глод, Менск

28 лютага Аб’яднаная грамадзянская партыя прыняла адмысловую заяву з нагоды зьняцьця з выбарчай гонкі лідэраў менскага сьпісу партыі Сяргея Альфера, Сьвятланы Каралёвай і Яўгена Лабановіча. Усе яны балятаваліся ў Менскі гарадзкі савет. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька так тлумачыць дзеяньні ўладаў:

(Лябедзька: ) “Гэта была першая тройка, зь якой мы зьвязвалі пэўныя спадзяваньні. Тыя сацыялягічныя апытаньні, якія былі праведзеныя, у тым ліку і ўладнымі структурамі, давалі 60–65% кожнаму зь іх. Гэта азначала, што ўжо ў першым туры, нягледзячы на адміністрацыйны рэсурс, яны праходзілі б у Менскі гарадзкі савет. Улада не прыдумала нічога лепшага, як зьвярнуцца да сваіх палітычных кілераў з выбарчых камісіяў. Як да гэтага адносіцца? З аднаго боку, натуральна, тое, што мы згубілі тры мандаты, перакрэслівае пэрспэктывы плённай працы ў Менску. З другога боку, мы разглядаем гэта як маральную перамогу, таму што, калі ўлада ідзе на такія крокі, яна дэманструе асабістае бясьсільле”.

Яўген Лабановіч лічыць, што ва ўладаў проста не было іншага выйсьця. Яны разумела — ніякія фальсыфікацыі ўжо не маглі дапамагчы яе стаўленікам перамагчы на выбарах.

(Лабановіч: ) “Пад канец кампаніі ўлады ў шоку. Яны зразумелі, што апазыцыя перамагае па ўсіх пунктах. Яны разумелі, што ёсьць шэраг акругаў у Менску, дзе ніякія фальсыфікацыі не забясьпечаць перамогу кандыдатам ад улады і паразу кандыдатаў ад апазыцыі. І тут засталася толькі сякера ката — рубіць налева і направа, брудна, з парушэньнем усіх законаў, не хаваючыся”.

Прычыны зьняцьця розныя: Сьвятлану Каралёву абвінавацілі ў тым, што яна нібыта недакладна ўказала памер заробку пры запаўненьні дэклярацыі аб даходах. Сяргея Альфера і Яўгена Лабановіча — у распаўсюдзе ўлётак без выходных зьвестак. Усе яны не пагадзіліся з вэрдыктам раённых камісіяў і падалі скаргі, якія, магчыма, будуць разглядацца 1 сакавіка гарадзкой выбарчай камісіяй.

Калі гэтая камісія адмовіць прадстаўнікам АГП, партыя, паводле Анатоля Лябедзькі, правядзе ў гэтых акругах тэрміновую кампанію тлумачэньня сытуацыі. Выбарцаў будуць заклікаць да байкоту выбараў альбо галасаваньня супраць усіх кандыдатаў, якія засталіся.

28 лютага быў зьняты з выбарчай гонкі кандыдат у дэпутаты Менскага гарадзкога савету Сяргей Чыслаў. Яго абвінавацілі ў “абразе і паклёпе на службовую асобу Рэспублікі Беларусь — прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”. Такога прэцэдэнту падчас мясцовых выбараў яшчэ ніколі не было. Кандыдата ў дэпутаты абвінавацілі ў тым, што падчас ягоных сустрэчаў з выбарцамі паказвалі фільмы “Звычайны прэзыдэнт” і “Дзікае паляваньне”.

Тым часам стала вядома, што за тры дні датэрміновага галасаваньня ў ім ўжо ўдзельнічалі 9,2% выбарцаў. Менавіта такую лічбу называе сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік. Найбольш актыўна працэс датэрміновага галасаваньня ідзе ў Віцебскай вобласьці — 13,8%, менш за іншых галасуюць у Менску — 7,9%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG