Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВЯЦЦА МЕНЧУКІ ДА СУПРАЦОЎНІЦТВА БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ З РЭЖЫМАМ САДАМА ХУСЭЙНА?


Ганна Соусь, Менск

(Cпадар: ) “Як я магу да гэтага ставіцца? Адмоўна, вядома. Садам Хусэйн — асоба адыёзная, і нічога добрага з гэтага не атрымаецца”.

(Спадарыня: ) “Учора па тэлебачаньні казалі, што Садаму Хусэйну будзе прадастаўлены статус уцекача на пачатку вайны. Але я думаю, што калі ён і прыедзе ў Беларусь, нашая краіна са свайго боку будзе ўцягнутая ў гэтую вайну. І што тады ўжо здарыцца, я ня ведаю”.

(Спадар: ) “Якое там супрацоўніцтва... Проста Лукашэнка хоча паказаць, што ён працуе на вялікай палітычнай арэне. Хаця, канечне, іміджу Беларусі гэта не надае, відавочна”.

(Спадарыня: ) “Станоўча стаўлюся. Галоўнае, каб не было вайны і быў мір. Тым больш, я вельмі хвалююся, бо ў мяне дачка жыве ў Амэрыцы”.

(Другая спадарыня: ) “Мне здаецца, што ў нас у Беларусі павінна быць нейкая іншая палітыка, таму што некалькі пакаленьняў змагалася за тое, каб у нас ня так складваліся дачыненьні зь іншымі краінамі. Мне не падабаецца палітыка, якую прапагандуе Садам Хусэйн”.

(Спадар: ) “Зразумела, адмоўна. Нядаўна Лукін, намесьнік старшыні Дзяржаўнай думы Расеі, сказаў, што Садам Хусэйн — гэта фашыст, ён нават камуністаў зьнішчыў усіх. Як зь ім можна нават размаўляць, а ня тое што супрацоўнічаць?”

(Спадарыня: ) “Думаю, што гэта пытаньні дыпляматыі нашага прэзыдэнта. Я бы напэўна ня надта Хусэйна падтрымлівала, але ня думаю, што гэта было бы слушна. Павінна быць нейкая нэўтральнасьць”.

(Спадар: ) “Зьнянацку Беларусь у пэўным пляне аб’ядноўваецца з Іракам ці Паўночнай Карэяй… Гэта глупства. Трэба быць напэўна бліжэй да Эўропы, чым братацца з ізгоямі”.

(Другі спадар: ) “Па-першае, мне гэта падабаецца, таму што я ня вельмі паважаю тое, што робіць зараз ЗША. Па-другое, калі б я быў на месцы нашага прэзыдэнта, я б усё роўна гэтага не рабіў. Хаця таму што ў нас няма сваёй нафты, то, можа, гэта й патрэбна. А паколькі я звычайны абываталь, то, можа, чагосьці проста ня ведаю”.

(Трэці спадар: ) “Нехта ж павінен падтрымліваць Хусэйна ў гэтым сьвеце?”

Гэта былі меркаваньні мінакоў на менскіх вуліцах адносна шчыльнага супрацоўніцтва беларускіх уладаў з рэжымам Садама Хусэйна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG