Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПАПРАКАЕ МІНІСТЭРСТВА ЎНУТРАНЫХ СПРАВАЎ ЗА ТОЕ, ШТО Ў БЕЛАРУСІ НЕ ЗНАХОДЗЯЦЬ ЗЬНІКЛЫХ


Юры Сьвірко, Менск

Выступаючы падчас нарады, Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што раней сілавыя структуры ў Беларусі лічыліся недатыкальнымі й кішэннымі для кіраўніцтва. “Так быць не павінна”, — заявіў спадар Лукашэнка. Ён сказаў, што комплексная праверка МУС, праведзеная летась пад кіраўніцтвам дзяржаўнага сакратара Савету Бясьпекі Генадзя Нявыгласа, выявіла сур’ёзныя недахопы. Рост вулічнай злачыннасьці за мінулы год у Беларусі склаў 60%.

Ён таксама адзначыў, што невядомае месца знаходжаньня больш як тысячы зьніклых грамадзянаў. Прозьвішчы Аляксандар Лукашэнка не называў, але ягоная прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч кажа:

(Пяткевіч: ) “Прэзыдэнт неаднаразова падкрэсьліваў, што няважныя прозьвішчы тых, хто зьнік. Для краіны болем зьяўляецца любы зьніклы – незалежна ад таго, пэнсіянэр гэта, студэнт ці нейкая вядомая асоба. Усе яны – аднолькава зьніклыя”.

З гэтым меркаваньнем Лукашэнкавай прэсавай сакратаркі катэгарычна нязгодная Ірына Красоўская, чый муж Анатоль Красоўскі зьнік разам з былым старшынём Цэнтарвыбаркаму Віктарам Ганчаром:

(Красоўская: ) “Нельга параўноўваць усіх людзей, якія зьніклі, з тымі асобамі, якія вядомыя ў Беларусі – я маю на ўвазе Ганчара, Захаранку, Красоўскага і Завадзкага. Я лічу, што гэта ўвогуле непараўнальныя справы, таму што ёсьць людзі, якія пайшлі і зьехалі ў іншую краіну, а што датычыць гэтых людзей, то зь імі ўсё было ў парадку, псыхічны стан і справы ў сям’і, і таксама ў бізнэсе і гэтак далей. Калі зьнікаюць апанэнты рэжыму, перш за ўсё падазрэньні кладуцца на той рэжым, апанэнты якога зьніклі”.

Ірына Красоўская лічыць дзіўнымі Лукашэнкавы папрокі на адрас Міністэрства ўнутраных справаў наконт зьніклых.

(Красоўская: ) “Гэта вялікі цынізм, таму што ў нашай краіне вельмі многа органаў, якія адказваюць за парадак, за стан правоў чалавека і гэтак далей. Калі яны ня могуць знайсьці чатырох вядомых людзей, то гэта сьведчыць пра іх непрафэсіяналізм, але мы ведаем, што іх дастаткова многа і яны дастаткова прафэсіянальныя. Гэта сьведчыць пра тое, што яны ня хочуць знайсьці гэтых людзей, таму што – гэта ўжо даўно было даказанае – яны самі бралі ўдзел у гэтых зьнікненьнях”.

Аляксандар Лукашэнка нагадаў таксама, што больш за 3 тысячы злачынцаў уцяклі й хаваюцца. “Гэта недапушчальна”, — сказаў ён і дадаў, што вышук парушальнікаў закону дорага каштуе дзяржаве. Спадар Лукашэнка даручыў генэральнаму пракурору Віктару Шэйману і кіраўнікам сілавых структураў найбліжэйшым часам стварыць плян дзеяньняў што да пошуку й дастаўкі асабліва небясьпечных злачынцаў у Беларусь для перадачы іх суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG