Паводле публікацыяў у сёньняшнім польскім друку, галоўнае, што адрозьнівала антываенную дэманстрацыю ў Менску ад падобных акцыяў у Рыме, Бэрліне, Варшаве ці нават Маскве – гэта непасрэдны ўдзел ў яе арганізацыі дзяржаўных чыноўнікаў і добра знаёмая з камуністычных часоў “прынудзілаўка”.
У “Gazecie Wyborczej”, загаловак атртыкулу, прысьвечанага суботняму мітынгу на Бангалёры, так і гучыць: “У Менску пратэстуе дзяржава”.
“Gazetа Wyborcza” піша, што арганізаваць дэманстрацыю атрымала загад кіраўніцтва беларускай фэдэрацыі прафсаюзаў: “Загад”, бо гэтая арганізацыя фармальна ператварылася ў дзяржаўную структуру, якой кіруе Леанід Козік – былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і былы старшыня беларуска-ірацкай гаспадарчай камісіі”.
Польскі штодзёньнік падкрэсьлівае таксама, што сярод прамоўцаў, што ў часе мітынгу заклікалі беларусаў бараніць Ірак, быў і дэпутат палаты Сяргей Касьцян, які вядомы “сваімі выкрываньнямі змоваў супраць славянскіх народаў, якія ладзяцца жыда-масонскім асяродзьдзем у ЗША”.
Газэты адзначаюць, што прымусам беларускае чынавенства змагло сьцягнуць ледзьве 2 тысячы асобаў.
У розных гарадох Польшчы дэманстрацыяў было каля дзясятка. Найбольш шматлюдная акцыя прайшла ў Варшаве. У ёй бралі ўдзел каля 3-4 тысячаў чалавек. Аднак тут ніхто нікога не прымушаў. Удзельнікі тутэйшых дэманстрацыяў прыйшлі, каб сказаць “не” вайне, а не “адзначыцца” у адказнага за яўку. Акцыя, зарганізаваная шэрагам грамадзкіх арганізацыяў, трэба адзначыць, была вельмі маляўнічай – з рознымі плякатамі, пудзіламі ды іншымі матэрыяламі, якія добра ўспрымаюцца візуальна.